На кожным кроку свайго жыцця ён стараўся як-небудзь выдзелiцца з масы другiх людзей, хоць, к вялiкаму свайму гору, у глыбiнi сваiх думак i не мог лiчыць сябе лепшым, разумнейшым за другiх.

Гэта прымусiла яго ў свой час пайсцi ў партыю; цяпер ён быў загадчыкам валаснога аддзела асветы.

Ён насiў доўгiя валасы, нiжэй вушэй, бо лiчыў гэта прыкметай чалавека, не падобнага да ўсiх, чалавека, якi жыве "духоўнаю працаю", як сам ён гаварыў.

Пад пахаю яго вечна быў партфель. Валасны аддзел асветы не мог напоўнiць яго дзелавымi паперамi, i загэтым ён клаў у яго старыя газеты, розныя непатрэбныя кнiгi i iнш., усё дзеля таго, каб партфель быў поўны, цяжкi i тоўсты на выгляд.

На сходах шкрабаў воласцi Козiч любiў граць ролю начальнiка, гаварыў кароценькiя прамовы, нават часам важна кратаў i гладзiў свой шчуплы жывот.

Насiў ён чорнае палiто з поясам.

Адчынiўшы сход, ён стаў гаварыць прамову.

Не думаючы аб тым, што яго слухаюць людзi ў аблезлых кажушках, рваных халатах, падчас босыя цi ў лапцях, ён, як гарохам, стараўся сыпаць труднымi, нiкому, нават яму самому, не зразумелымi славечкамi... Яму гэта было вельмi трудна, бо вялiкага запасу такiх слоў не было, i яму прыходзiлася часта самому прыдумаць iх.

Мiж iншым ён сказаў: "У сельсавеце павiнен дамiнiраваць пралетарскi элемент". Гэта яму вельмi спадабалася, i ён захацеў яшчэ колькi разоў паўтарыць гэта, але, як на тую бяду, забыўся, як гэтае сказанае iм слова выгаварваецца. Сказаць жа гэта проста, звычайнымi словамi, ён не хацеў, каб не паказацца простым чалавекам, i, ужо не думаючы, ён паўтарыў: "У сельсавеце павiнен дамонаваць пралетарскi элемент". А потым яшчэ раз уздумаў паўтарыць i сказаць яшчэ лепш: "дамiнаць".

- Слухай, - запытаў Тодар у Хамы, - што гэта ён кажа, якi гэта элемент павiнен замiнаць у сельсавеце?

- А цi я ведаю! - цiха адказаў Хама.

- А пра што гэта ён гаворыць? - у сваю чаргу запытаў Тодара Фабiян Свiнкоўскi.



9 из 14