
Маладая жанчына пачала яго аглядаць. Будучы паслухмяным, як ягня, Дзядзюля бесперапынна выказваў просьбы - клапацiцца аб яго здароўi.
- У вас пачынаецца запаленне лёгкiх, - сказала маладая жанчына. - Як гэта вы маглi так захаладзiцца?
- Мяне прамачыў дождж, - прахрыпеў Дзядзюля.
- Тут ёсць дзе дастаць банькi? - запытала Волька.
- Ёсць тут у адной хаце.
- Дастаньце iх, я пастаўлю. А зранку трэба будзе лякарства. Рэцэпт я напiшу.
- Вы мяне выбачайце, - ныў Дзядзюля. - Я вам цвiкоў не даў. Прызнацца вам, то я забыўся, што яны ёсць. Я гэтую памылку выпраўлю, абы толькi паправiцца. Лячыце мяне, як мага, прашу вас.
- Дык гэта я ў вас прасiла цвiкоў? А я i не пазнала. Нiчога, хвароба не страшная, паправiцеся.
Волька пайшла. Праз гадзiны дзве Дзядзюлева жонка прыйшла сказаць, што банькi прыгатаваны. Лiў дождж. Волька iшла лячыць Дзядзюлю. Яму было горш, хрып iшоў з яго горла.
- Аптэка ад вас далёка?
- На станцыi, шэсць кiламетраў.
- Я напiшу рэцэпт, а вы iдзiце зараз жа запрагаць каня. Трэба адразу дастаць лякарства. Дайце на чым напiсаць рэцэпт.
Дзядзюлева жонка пачала шукаць паперы i вiнавата сказала:
- Нi кавалка паперы ў хаце няма, у яго ўсе справы ляжаць у канцылярыi. Хiба можа ў шуфлядзе каля вас, там нейкi звязак старых яго папераў, можа там знойдзецца.
Заплакала дзiця, i жанчына пабегла ў бакоўку. Волька адчынiла шуфляду i дастала адтуль жмут папераў. Гэта былi ўсялякiя старыя рахункi i пратаколы, было некалькi пiсьмаў. Волька шукала, адкуль бы адарваць кавалак няспiсанай паперы. Нарэшце асобна яна ўбачыла некалькi паперын, перавязаных нiткай, i разгарнула iх. Глянуўшы ў iх, яна жахнулася, яна чытала чарнавiкi Дзядзюлевых заяваў на яе. "Вось чаму я гэтулькi пакутавала, цярпела ганьбу i не меншы здзек!" Дрыжачай рукой яна адарвала ад аднаго чарнавiка палоску паперы i пачала пiсаць рэцэпт. Увайшла Дзядзюлева жонка i ўбачыла, што Волька ставiць Дзядзюлю банькi.
