
Назаўтра Дзядзюлю стала лепш. А яшчэ цераз дзень ён ужо зусiм бадзёра глядзеў са сваёй пасцелi на акно. Неба было зноў яснае, заходзiла сонца, i ў яго праменнях стаялi дрэвы за акном. Насупроць аконнай шыбы, на тонкай галiнцы вiсела яшчэ некалькi апошнiх лiсткоў. Дзядзюля глядзеў на iх, але не заўважаў iх. Як цвiк з-пад малатка, яго мазгi прабiвала думка, што на яго накладзена пячаць ганьбы: у цяжкую для яго хвiлiну Волька прыйшла ратаваць яго. Нягледзячы на ўсе яго заявы, яна стала доктарам. Так, як нiколi, яна цяпер сталая, разумная, упэўненая ў сабе.
- Чартоўка паршывая! - замармытаў Дзядзюля. - Доктар называецца. Паставiла банькi, напiсала рэцэпт i ўсё. Нi разу не прыйшла паглядзець, толькi два разы нейкую бабу прысылала запытацца, як мне. Толькi назва, што дактары, а сваiх абавязкаў не разумеюць. А можа не хочуць разумець!
У той жа самы вечар, падцягнуўшы да падушкi табурэт з лямпаю, Сафрон Дзядзюля пiсаў карандашом на лiсце паперы, вырваным з вучнёўскага сшытка. "Заява... Гэтая гора-ўрач дэталёва нават не азнаёмiлася з хваробай. Ёй, безумоўна, трэба было дастаткова ўвайсцi ў лячэнне, а яна абмежавалася толькi тым, што паставiла банькi i напiсала рэцэпт. I нi разу не зайшла праверыць змагаючагася з захворваннем арганiзма... I яшчэ трэба дадаць, што гэтая асоба рэлiгiйная, што не можа быць у адпаведнасцi са званнем савецкага ўрача, як то: гэтая асоба, нягледзячы, што ў свой час выключалася з рабфака як дачка кулака i спекулянта цялятамi, павiнна была iзулеч для сябе ўрокi, якiх не iзулекла, паколькi гаварыла чалавеку, у якога спынiлася, што ёй прыемна было пабываць на могiльнiку каля трухлявай царкоўнай сцяны. Гэта яна матывавала тым, што на яе ўсплывалi ўспамiны маленства, калi яна каля гэтай сцяны гуляла ў малыя гады з дзецьмi. Але тут падаплёка ўпаўне ачавiдна..."
Дзядзюля раптам задумаўся: куды ж паслаць гэтую заяву? Невядома, адкуль яна сюды прыехала?
