
Цяпер я глядзеў на Аню ўжо зусiм iншымi вачыма. Начамi мне снiлiся пакутлiвыя сны, як я кранаю яе грудзi i праводжу рукой па залацiстых валасках загарэлых ног, як мы ўзасос цалуемся, а потым, задыхаючыся, любiмся - то на лазенным палку, то ў замацаваным за нашым класам кабiнеце бiялогii, дзе з шафаў за намi ўважлiва назiраюць два шкiлеты. Мяне (не ў сне, а наяве) заўсёды займала праблема: штучныя гэта шкiлеты цi яны калiсьцi належалi жывым людзям, якiя вось гэтымi косткамi елi, пiлi i абдымалiся ў ложку. Яшчэ, як памятаю, мы спрабавалi высветлiць, цi адрознiваецца чым-небудзь iстотным жаночы шкiлет ад мужчынскага.
Прачынаючыся пасля тых сноў, я даваў сабе слова, што не пазней за сёння прапаную Анi ўвечары схадзiць у парк на новы атракцыён "Пятля Несцерава", але па дарозе ў школу падступна выплывала якая-небудзь нявыпраўленая тройка па алгебры або чацвёрка па гiсторыi, i дата пачатку рашучых дзеянняў зноў пераносiлася.
Аня была па-жаночаму назiральнай, i ўсё скончылася тым, што аднойчы на перапынку яна сама папрасiла мяне затрымацца пасля заняткаў у кабiнеце. На апошнiм уроку геаграфii я ўжо амаль не чуў настаўнiка, а думаў, як запрашу яе ў парк, спытаюся, цi чытала яна Эмiля Заля, i паведамлю, што яе радзiмыя плямкi падобныя да Новай Зеландыi.
Калi ў кабiнеце бiялогii апрача нас засталiся толькi шкiлеты, мой сцэнарый быў безнадзейна перакрэслены. Аня - у кароткай жоўтай сукеначцы з тонкiм зялёным паяском - узяла мяне за руку i сказала, што я свой хлопец, а таму заўтра павiнен прыйсцi да яе дадому, дзе мацi не будзе, бо яна з'ехала ў Стаўрапаль, а бацька нiколi не хадзiў на бацькоўскiя сходы i мяне не ведае, а таму паверыць, калi я скажу, што мой старэйшы брат iдзе ў войска i што ў суботу мы запрашаем яе, Аню, на праводзiны, i мая мама прасiла перадаць, што пакiдае яе пад сваю адказнасць начаваць у нас, бо мы жывём ажно ў ФРГ (з нашага тагачаснага слэнгу ФРГ перакладалася як Фэдэратыўная Рэспублiка Грамы i азначала самую далёкую полацкую ўскраiну).
