
У мяне нiколi не было нi старэйшых, нi малодшых братоў, але назаўтра я падыходзiў да Анiнага дома дакладна ў прызначаны час, бо нарэшце пачалася дыфузiя сноў i рэальнасцi: на вуснах у мяне гарэў яе ўчарашнi, пакiнуты пад наглядам шкiлетаў i неверагодна смачны ад памады пацалунак з прыкусам, а каламутнае адчуванне таго, што мяне выкарыстоўвалi як хлопчыка на пабягушках, не здольнае было перамагчы грахоўна-салодкага пачуцця дарослай мужчынскай разбэшчанасцi, народжанага Анiным абяцаннем разлiчыцца са мною адразу пасля выхадных. Я жадаў яе, i пляваць мне было на гэтыя мiфiчныя праводзiны ў войска i на мiфiчнага брата, якога звалi Мiшкам Яжэвiчам, i на вульгарнасць яе абяцанкi, i на папярэджанне, што на двары ў iх злы сабака, якi аказаўся ўкормленым ваўкарэзам, ад якога я ледзьве ўратаваўся, кiнуўшыся назад у веснiцы.
Анiн бацька быў макароннiк. Тады iтальянцы траплялiся ў нас так рэдка, што макароннiкамi называлi выключна прапаршчыкаў савецкай армii. Па-змоўнiцку мiргаючы мне, Аня ўтаймавала ваўкарэза i паклiкала бацьку. У вялiзным калiдоры пахла мышамi i нечым ядомым. Пры сцяне стаяў штабель скрынак, на адной з якiх было сапраўды напiсана: макароны. Тамсама, у калiдоры, прапаршчык Шадурка, з-за плячэй якога Аня ўсяляк дапамагала мне вачыма, i выслухаў маю старанна адрэпетаваную хлусню, пасля чаго моўчкi пасунуўся ў глыб дома. Зачынiўшы дзверы, Аня захiхiкала i прыцiснулася да мяне. Я пацягнуўся да яе вуснаў, але ў доме пачулiся крокi, жаласнае мяўканне, i прапаршчык са словамi: "Лавi мышэй, блядушка", выкiнуў у калiдор котную рыску.
Разлiк адбыўся ў панядзелак у кватэры Анiнай сяброўкi з гiмнастычнай секцыi.
Аня сустрэла мяне ў прывезенай з замежных спаборнiцтваў смараiдавай сукенцы з залацiстымi маланкамi на рукавах i кiшэнях. Магнiтафон заядаў i рваў стужку. Цiха вылаяўшыся, Аня апошнi раз пстрыкнула пераключальнiкам i павярнулася да мяне. "Ты хоць умееш?" - запыталася яна, страсянуўшы светлымi валасамi стрыжанай русалкi. "Што?" - бязглузда адказаў я. "Джыгi-джыгi", засмяялася яна, сцягваючы цераз галаву сукенку.
