- Баранчык есць усё, што трапiцца.

- Нават тыя кветкi, што з калючкамi?

- Ага, нават тыя, што з калючкамi.

- Тады навошта iм калючкi?

Гэтага я не ведаў. I акурат у мой момант намагаўся адкруцiць у маторы адзiн непадатлiвы вiнт. Я быў моцна заклапочаны, бо пашкоджанне пачало здавацца мне сур'ёзным, а вада канчалася, i гэта вымушала мяне думаць пра найгоршае.

- Дык навошта ж тады iм калючкi?

Маленькi прынц нiколi не супакойваўся, пакуль не атрымлiваў адказу на сваё пытанне. Мяне злаваў пракляты вiнт, i я ляпнуў, абы адмахнуцца:

- А нiнавошта! Кветкi проста ад злосцi выпускаюць iх!

- Вось як!

Ён памаўчаў, потым абурана сказаў:

- Не веру я табе! Кветкi кволыя. I наiўныя. Яны падбадзёрваюць сябе, як могуць. Яны думаюць, што калi выпусцяць калючкi, то iх усе пачнуць баяцца...

Я нiчога не адказаў. Якраз у тую хвiлiну я думаў: "Калi гэты чортаў вiнт i зараз не адкруцiцца, то я так лясну па iм малатком, што ён на друзачкi разляцiцца". Маленькi прынц зноў перабiў мае думкi:

- А ты думаеш, што кветкi...

- Ды не, не! Нiчога я не думаю! Я сказаў, абы сказаць. Ты ж бачыш, я заняты сур'ёзнай справай!

Ён недаўменна паглядзеў на мяне.

- Сур'ёзнай справай?!.

Ён глядзеў на мяне, згорбленага над нейкiм прадметам, якi здаваўся яму вельмi няўклюдным, на малаток у руцэ, на чорныя ад мазуту пальцы.

- Ты разважаеш, як дарослыя! - сказаў ён.

Мне стала трошкi сорамна. А ён бязлiтасна дадаў:

- I ўсё ты блытаеш!.. I нiчога ты не разумееш!

Так, ён раззлаваўся не на жарт. Ён страсянуў галавой, i вецер раскудлачыў яго залатыя валасы.

- Я ведаю адну планету, там жыве такi Пан з пунсовым тварам. Ён нiколi не нюхаў кветкi. Нi разочку не глянуў на зорку. Ён нiколi нiкога не любiў. I нiколi нiчога не рабiў. Ён заняты толькi адным: лiчэннем. Цэлымi днямi напралёт ён, як ты, паўтарае адно i тое ж: "Я чалавек сур'ёзны! Я чалавек сур'ёзны!" I проста ледзь не лопаецца ад гордасцi. Але гэта не чалавек, гэта грыб!



10 из 42