- Хто, хто?

- Грыб!

Маленькi прынц нават збялеў ад гневу.

- Мiльёны гадоў у кветак растуць калючкi. I мiльёны гадоў баранчыкi ўсё-такi ядуць кветкi. I гэта не сур'ёзна - знайсцi адказ, зразумець, навошта кветкi гэтак сiляцца выпусцiць калючкi, калi ад гэтых калючак нiякага толку? Гэта не важна - вайна баранчыкаў i кветак? Гэта не сур'ёзней i не важней вылiчэнняў надзьмутага пунсовага Пана? I калi я ведаю адзiную ў свеце кветку, якая iснуе толькi на маёй планеце, а нейкi баранчык як-небудзь наранку, бяздумна, у iмгненне вока можа загубiць яе - гэта зусiм не важна?

Ён пачырванеў, але гаварыў далей:

- Калi любiш кветку - адзiную, якой больш няма нi на адной з мiльёнаў i мiльёнаў зорак, гэтага дастаткова: глядзiш на неба i адчуваеш сябе шчаслiвым... I думаеш: "Недзе там жыве мая кветка..." А калi баранчык з'есць кветку, то гэта будзе тое самае, як бы раптоўна згаслi ўсе зоркi! I гэта, па-твойму, зусiм не важна?

Нечаканае рыданне абарвала яго словы. На пустыню ўжо апусцiўся вечар. Я адкiнуў свае iнструменты. Якiмi недарэчнымi выглядалi цяпер i малаток, i вiнт, i смага, i сама смерць!.. На адной з зорак, на адной з планет, на маёй Зямлi горка плакаў Маленькi прынц, i яго трэба было суцешыць. Я ўзяў яго на рукi i пачаў калыхаць. Я казаў яму: "Кветцы, якую ты любiш, нiчога не пагражае... Я намалюю твайму баранчыку аброцьку... Я намалюю агароджу для тваёй кветкi... Я..." Я не надта ведаў, што казаць, i адчуваў сябе дужа няёмка. Я не ведаў, як дайсцi да яго сэрца, чым крануць яго... Краiна слёз такая таемная...

VIII

Неўзабаве я ўжо добра ведаў, што гэта за кветка. На планеце Маленькага прынца адвеку раслi звычайныя, сцiплыя краскi ў адзiн венчык пялёсткаў, якiя амаль не займалi месца i нiкому не замiналi. Уранку яны ўсходзiлi ў траве, увечары прападалi. Але аднойчы з насенiнкi, занесенай невядома адкуль, паказаўся парастак, зусiм не падобны на iншыя былiнкi.



11 из 42