
- Ну, нарэшце такi дачакаўся паклоннiка! - здалёк узрадаваўся Маленькаму прынцу славалюб.
Для славалюбаў жа ўсе астатнiя людзi - паклоннiкi.
- Дзень добры, - сцiпла павiтаўся Маленькi прынц. - Якi забаўны ў вас капялюш.
- Гэта каб раскланьвацца, - растлумачыў славалюб. - Каб раскланьвацца, калi мяне вiтаюць. На жаль, сюды нiхто нiколi вачэй не кажа.
- Як гэта? - не зразумеў яго Маленькi прынц.
- Пляснi ў ладкi, - параiў славалюб.
Маленькi прынц пляснуў у ладкi. Славалюб прыўзняў капялюш i сцiпла раскланяўся.
"Тут яшчэ займальней, чым у караля", - падумаў Маленькi прынц. Ён зноў запляскаў у ладкi. Славалюб у адказ прыўзнiмаў свой капялюш i раскланьваўся перад госцем.
Хвiлiн праз пяць аднастайнасць гэтай гульнi стамiла Маленькага прынца.
- А што трэба зрабiць, каб капялюш упаў? - спытаў ён.
Але славалюб не адказаў. Славалюбы глухiя да ўсяго, акрамя пахвал.
- Ты сапраўды захапляешся мною? - спытаў ён Маленькага прынца.
- А што гэта азначае - захапляцца?
- Захапляцца - азначае прызнаць, што я лепш за ўсiх апрануты, сама прыгожы, сама багаты i сама разумны чалавек на планеце.
- Ды ты ж адзiн на ўсёй гэтай планеце!
- Ну, будзь ласкавы, усё роўна захапляйся мною!
- Я ў захапленнi ад цябе, - сказаў Маленькi прынц i злёгку пацiснуў плячыма. - Але чаму гэта можа так цiкавiць цябе?
I Маленькi прынц пайшоў далей.
"Дзiвакi гэтыя дарослыя", - дарогай падумаў ён.
ХII
На наступнай планеце жыў п'янiца. Гэты вiзiт быў вельмi кароткi, але шмат роздуму даў ён Маленькаму прынцу.
- Што ты тут робiш? - спытаў ён у п'янiцы, якi самотна сядзеў перад процьмай бутэлек, парожнiх i поўных.
- П'ю, - змрочна адказаў п'янiца.
- А навошта? - пацiкавiўся Маленькi прынц.
- Каб забыць, - адказаў п'янiца.
- Пра што забыць - дапытваўся Маленькi прынц, якому стала шкада бедалагу.
