
- Застанься, - папрасiў кароль, горды, што ў яго ёсць, нарэшце, падданы. Застанься, я зраблю цябе мiнiстрам!
- Мiнiстрам чаго?
- Гм-гм... Мiнiстрам юстыцыi!
- Але няма ж каго судзiць!
- Хто ведае, - адказаў кароль. - Я яшчэ не абышоў усяго свайго каралеўства. Стары ўжо, для карэты на планеце месца мала, а пеша хадзiць ногi забаляць.
- Ды я ўжо бачыў, - сказаў прынц i яшчэ раз кiнуў вокам за спiну караля, на другi бок планеты. - Тут анiкога больш няма...
- У такiм разе, будзеш судзiць самога сябе, - адказаў кароль. - Гэта сама цяжкае. Куды цяжэй судзiць самога сябе, чым каго iншага. Калi ты зможаш справядлiва асудзiць сябе, значыць, ты сапраўдны мудрэц.
- Я i ў iншым месцы магу судзiць сябе, - адказаў Маленькi прынц. - Для гэтага не абавязкова жыць менавiта тут.
- Гм! Гм! - кашлянуў кароль. - Я ўпэўнены, што на маёй планеце дзесьцi хаваецца стары пацук. Начамi чутно. Можаш судзiць гэтага старога пацука. Час ад часу будзеш прыгаворваць яго да смерцi. Такiм чынам, жыццё яго будзе залежыць ад тваёй справядлiвасцi. Але кожны раз табе давядзецца мiлаваць яго. Трэба берагчы старога пацука. Ён жа ў нас адзiн.
- Не люблю я выносiць смяротных прыгавораў, - адказаў Маленькi прынц. - I наогул, мне пара.
- Не, не пойдзеш! - запратэставаў кароль.
Маленькаму прынцу, якi ўжо сабраўся ў дарогу, зусiм не хацелася засмучаць старога манарха.
- Калi ваша вялiкасць хоча, каб вас безагаворачна слухалi, вы маглi б аддаць мне разумны загад. Вы, да прыкладу, маглi б загадаць мне адправiцца не пазней як праз хвiлiну. Мне здаецца, умовы спрыяльныя.
Кароль маўчаў. Маленькi прынц трошкi павагаўся, уздыхнуў i пайшоў.
- Прызначаю цябе паслом! - паспешлiва крыкнуў яму ўслед кароль.
I выгляд у яго быў пры гэтым такi, быццам ён не дапускаў нiякiх пярэчанняў.
"Дзiўныя людзi гэтыя дарослыя", - падумаў дарогаю Маленкi прынц.
ХI
На другой планеце жыў славалюб.
