
- Ды калi ж падарожнiк пачне хлусiць, то ў падручнiках геаграфii не разбяры-бяры што будзе! Або калi ён ласы да чаркi - таксама бяда.
- А чаму? - не зразумеў Маленькi прынц.
- Таму што ў п'янiц дваiцца ў вачах. I дзе на самой справе адна гара, там географ адзначыць дзве.
- Я знаёмы з адным чалавекам, - задуменна сказаў Маленькi прынц, - з яго атрымаўся б кепскi падарожнiк.
- Усё магчыма. Ну, а калi прыстойнасць падарожнiка не выклiкае падазрэнняў, тады правяраюць яго адкрыццё.
- Iдуць глядзець?
- Ну не. Гэта надта складана. Проста ад падарожнiка патрабуюцца доказы. Калi, да прыкладу, справа ходзiць пра адкрыццё якой-небудзь вялiкай гары, яму неабходна прынесцi вялiкiя камянi. Але ж ты, - нечакана ўсхваляваўся географ, - ты ж прыйшоў сюды здалёк! Ты ж падарожнiк! Хутчэй апiшы мне сваю планету!
Географ разгарнуў кнiгу запiсаў, завастрыў аловак. Расказы падарожнiкаў запiсваюцца спачатку алоўкам. А потым ўжо, калi падарожнiк доказамi пацвердзiць сваё адкрыццё, тыя расказы перапiсваюць чарнiлам.
- Ну? - падахвоцiў географ.
- Ды на маёй радзiме няма нiчога асаблiва цiкавага, - сказаў Маленькi прынц. - Яна зусiм маленькая. Ёсць у мяне тры вулканы. Два вулканы дзейнiчаюць, а адзiн патух. Але ж да прыгоды не тры годы.
- Праўда, цi мала што можа стацца, - згадзiўся географ.
- А яшчэ ёсць у мяне кветка.
- Мы не запiсваем кветак, - папярэдзiў географ.
- Гэта чаму ж?! Гэта ж сама прыгожае!
- Таму што кветкi эфемерныя.
- Як гэта - эфемерныя?
- Кнiгi па геаграфii, - важна растлумачыў географ, - сама каштоўныя кнiгi на свеце. Яны нiколi не выходзяць з моды. Амаль не здараецца, каб гара пераходзiла з месца на месца. Амаль не здараецца, каб акiян высыхаў. Мы пiшам пра вечнае.
- Але патухлыя вулканы могуць абудзiцца, - перапынiў Маленькi прынц. - Што такое - "эфемерны?"
- Патух вулкан цi дзейнiчае - гэта для нас, географаў, не мае анiякага значэння, - сказаў географ. - Для нас важна адно: сама гара. Яна заўсёды нязменная.
