
- Але што такое - "эфемерны"? - паўтарыў Маленькi прынц, якi нiколi не супакойваўся, пакуль не атрымлiваў адказу на сваё пытанне.
- Гэта "тое, што можа знiкнуць у блiжэйшы час".
- Мая кветка можа знiкнуць у блiжэйшы час?
- Безумоўна.
"Мая кветка эфемерная, - падумаў Маленькi прынц, - i ў яе ўсяго чатыры калючкi, каб абаранiць сябе ў гэтым свеце! А я пакiнуў яе зусiм адну на планеце!"
Упершыню ён пашкадаваў, што пакiнуў сваю красуню. Але ён усё-такi ўзяў сябе ў рукi i спытаў:
- Што б вы параiлi мне наведаць?
- Планету Зямля, - адказаў яму географ. - Пра яе ходзiць добрая слава...
I Маленькi прынц рушыў у дарогу, але думкi яго былi пра самотную кветку...
ХVI
Такiм чынам, сёмай планетай была Зямля.
Зямля не простая планета! Тут налiчваецца сто адзiнаццаць каралёў (i негрыцянскiх, вядома), сем тысяч географаў, дзевяцьсот тысяч дзялкоў, сем з палавiнай мiльёнаў п'янiц, трыста адзiнаццаць мiльёнаў славалюбаў, - усяго каля двух мiльярдаў дарослых.
Каб вы маглi ўявiць памеры Зямлi, дастаткова сказаць, што да адкрыцця электрычнасцi тут трэба было трымаць на ўсiх шасцi кантынентах цэлую армiю лiхтаршчыкаў з чатырохсот шасцiдзесяцi дзвюх тысяч пяцiсот адзiнаццацi чалавек.
Калi паглядзець збоку, гэта было незабыўнае вiдовiшча. Рухi гэтай армii падпарадкоўвалiся дакладнаму рытму, зусiм як у балеце. Спачатку выступалi лiхтаршчыкi Новай Зеландыi i Аўстралii. Яны запальвалi свае лiхтары i iшлi спаць. Потым наступала чарга лiхтаршчыкаў Кiтая i Сiбiры. Яны выконвалi свой танец i таксама непрыкметна знiкалi за кулiсамi. Пасля прыходзiла чарга лiхтаршчыкаў Расii i Iндыi. Пасля - лiхтаршчыкаў Афрыкi i Эўропы. Пасля Паўднёвай Амерыкi. А там - Паўночнай Амерыкi. I нiколi яны не блыталi парадку выхаду на сцэну. Гэта было проста грандыёзна.
I толькi лiхтаршчык адзiнага лiхтара на Паўночным полюсе i яго калега на Паўднёвым полюсе вялi жыццё ў гультайстве i бесклапотнасцi: iм даводзiлася запальваць свае лiхтары ўсяго двойчы ў год.
