
ХVII
Калi чалавек сiлiцца паказаць сваю дасцiпнасць, ён мiжволi трошкi прыхлусiць. Гэтак сталася i са мной, калi я казаў вам пра лiхтаршчыкаў. Баюся, што ў тых, хто не ведае нашай планеты, створыцца няправiльнае ўяўленне пра яе. Людзi займаюць вельмi мала месца на зямлi. Калi б два мiльярды жыхароў, якiя насяляюць зямлю, шчыльна, як на мiтынгу, пасталi адзiн каля аднаго, яны б свабодна ўмясцiлiся на прасторнай плошчы ў дваццаць мiль даўжынёй i дваццаць шырынёй. Усё чалавецтва можна было б размясцiць на сама маленькiм астраўку Цiхага акiяна.
Дарослыя, канечне, не павераць у гэта. Яны думаюць, што займаюць вельмi шмат месца. Яны здаюцца самi сабе велiчнымi, як баабабы. А вы парайце iм зрабiць дакладны разлiк. Гэта прыйдзецца iм даспадобы, яны ж без памяцi ад лiчбаў. А вы лепей не марнуйце часу на гэтую нудную работу. Яна нi да чаго. Вы i без таго мне верыце.
Маленькi прынц, трапiўшы на Зямлю, быў дужа здзiўлены, што нiкога не ўбачыў. Ён ужо засумняваўся, цi не памылiўся часам планетай, як тут у пяску заварушылася нейкае колца колеру месячнага святла.
- Добры вечар, - на ўсякi выпадак прывiтаўся Маленькi прынц.
- Вечар добры, - адказала змяя.
- На якую планету я трапiў?
- На Зямлю, - адказала змяя. - У Афрыку.
- А!.. А што, на Зямлi няма людзей?
- Тут пустыня. А ў пустынi нiхто не жыве. Зямля вялiкая, - растлумачыла змяя.
Маленькi прынц сеў на камень i ўзняў вочы да неба.
- Хацеў бы я ведаць, - вымавiў ён, для чаго свецяць зоркi? Цi не для таго, каб рана цi позна кожны мог адшукаць сваю зорку? Глянь, вунь мая планета якраз над вамi... Але як далёка да яе!
- Прыгожая, - ухвалiла змяя. - А што ты будзеш рабiць тут, на Зямлi?
- Я пасварыўся са сваёй кветкай, - прызнаўся Маленькi прынц.
