Тады, трацячы цярпенне, - мне ж трэба было хутчэй разбiраць матор, - я накрэмзаў.

- Гэта скрынка, - раздражнёна буркнуў я. - А ў ёй сядзiць твой баранчык.

Як жа я быў здзiўлены, калi нечакана мой юны суддзя ўвесь аж засвяцiўся ад радасцi:

- Вось гэткага мне i трэба! Як ты думаеш, яму спатрэбiцца шмат травы?

- А што?

- У мяне яе мала...

- Напэўна, хопiць. Я даю табе зусiм маленькага баранчыка.

Ён схiлiўся над малюнкам.

- Не такi ўжо ён i маленькi... Ты глянь! Заснуў...

Вось так я пазнаёмiўся з Маленькiм прынцам.

III

Не адразу зразумеў я, адкуль ён з'явiўся. Маленькi прынц, якi лiтаральна засыпаў мяне пытаннямi, нiбыта i не чуў маiх. Толькi з паасобных, выпадкова сказаных слоў мне пакрысе адкрылася яго таямнiца. Так, калi ён упершыню ўбачыў мой самалёт (самалёт я маляваць не буду, гэта надта складаны для мяне малюнак), ён спытаў:

- А гэта што за штука?

- Гэта не штука. Гэта самалёт. Мой самалёт. Ён лятае.

I я з гордасцю раслумачыў яму, што я ўмею на iм лятаць.

- Як?! - усклiкнуў ён. - Ты ўпаў з неба?!

- Так, - сцiпла пацвердзiў я.

- Як забаўна!..

I Маленькi прынц гэтак весела засмяяўся, што мне аж прыкра стала. Мне хацелася, каб ён паспачуваў мне.

- Значыць, ты таксама прыйшоў з неба! - дадаў ён. - А з якой планеты?

"Дык вось дзе разгадка яго таемнага з'яўлення тут, у пустынi!" - падумаў я i без усякiх хiтрыкаў спытаў:

- Значыць, ты прыйшоў сюды з iншай планеты?

Але ён не адказаў. Ён паглядзеў на мой самалёт i пакiваў галавой.

- Ну, на гэтым ты сапраўды не мог прыляцець здалёк...

I ён надоўга задумаўся. Потым дастаў з кiшэнi намаляванага баранчыка i стаў пiльна разглядваць гэты свой скарб.

Можаце сабе ўявiць, якая цiкаўнасць апанавала мяне ад прызнання наконт "iншых планет". I я паспрабаваў дазнацца паболей:

- Адкуль ты прыляцеў, малыш? Дзе гэта - "у цябе"? Куды ты хочаш забраць майго баранчыка?



4 из 42