Ён з хвiлiну маўчаў, потым прамовiў:

- От добра, што ты даў мне скрынку: буду заганяць у яе баранчыка нанач.

- Ну вядома. А калi будзеш разумны, я дам табе i вяровачку, каб можна было прывязваць яго на дзень, i калочак...

Гэтая прапанова прывяла ў недаўменне Маленькага прынца:

- Прывязваць? Якая недарэчнасць!

- Але, калi ты не прывяжаш яго, ён пойдзе невядома куды i прападзе.

Мой сябар зноў весела засмяяўся.

- Ды куды ж ён пойдзе?!

- Абы-куды. Куды вочы глядзяць...

Тады Маленькi прынц сур'ёзна сказаў:

- Гэта не страшна. Там, у мяне, так мала месца.

I з нейкай задуменнасцю дадаў:

- Калi iсцi толькi куды вочы глядзяць, далёка не зойдзеш...

IV

Так мне стала вядома яшчэ адна, вельмi важная акалiчнасць: яго родная планета была бадай цi большая за хату!

Зрэшты, гэта не вельмi здзiвiла мяне. Я добра ведаў, што, апроч вялiкiх планет, такiх, як Зямля, Юпiцер, Марс, Венера, ёсць яшчэ сотнi iншых, якiм нават iмёнаў не далi, такiх дробненькiх, што iх i ў тэлескоп цяжка разгледзець. Калi астраном адкрывае такую планету, ён дае ёй не iмя, а проста нумар. Напрыклад, называе яе так: "астэроiд "3251"".

У мяне ёсць сур'ёзныя прычыны думаць, што планета, адкуль прыляцеў Маленькi прынц, гэта астэроiд Б-612. Гэты астэроiд быў заўважаны ў тэлескоп толькi адзiн раз, у 1909 годзе, адным турэцкiм астраномам.

Астраном паведамiў тады пра сваё адкрыццё на Мiжнародным астранамiчным кангрэсе. Але нiхто яму не паверыў. А ўсё з-за таго, што астраном быў апрануты па-турэцку. Такi ўжо народ гэтыя дарослыя!

На шчасце, дзеля рэпутацыi астэроiда Б-612, тагачасны турэцкi правiцель загадаў свайму народу пад пагрозай смерцi апранацца на эўрапейскi лад. Той астраном у 1920 годзе зноў паведамiў пра сваё адкрыццё, - цяпер ён быў ужо ў надзвычай элегантным гарнiтуры. I на гэты раз усе паверылi яму.



5 из 42