Высыпаўшы кулi, немец зрабiў круг i паляцеў далей. З нейкага iнстынкту дванаццацiгадовая жанчына адразу прачнулася, паднялася на ногi, падняла сваiх дзяцей i стала ў ланцуг усяго натоўпу. I неўзабаве яна ўжо iшла далей, прысутуленая, маўклiвая, з завостраным ад нуды i небыту носам, у стракатай хусцiнцы на мiлай дзiцячай галоўцы. Твар яе сабраўся ў адну рысу, непарушная ўпартасць паклала на яго сваю пячаць. Вочы накiраваны былi ў адзiн-адзiны пункт - глядзелi туды, што ўжо было знойдзена i вядома.

Усё было вядома! Вядома стала, што прыйшла пара вялiкага выпрабавання, смутку i ўпартасцi, непахiснасцi i непакорнасцi. У душы - воля да жыцця, а над душою - крывавы забойца! I свавольная жыццярадаснасць дванаццацiгадовай дзяўчынкi ператварылася ў сталасць спрактыкаванага чалавека, якi многа ведае i да многага iмкнецца. I ўсё гэта было на яе пакутным тварыку.

Раптам яе сямiгадовы хлопчык сышоў убок i пайшоў з ёю побач.

- Iдзi за мной, - строга сказала яна яму, - мне мама казала, што трэба iсцi роўна, адзiн за адным, i спакойна, дык больш пройдзеш i менш стомiшся.

- А дзе твая мама? - абазвалася жанчына, што iшла перад ёю.

- Маму забiла бомбай у Менску, але яна яшчэ мне сказала, каб я iшла адразу ж i не аставалася.

На адзiн найкарацейшы момант тварык яе зморшчыўся, сцягнуўся, рухавасць прабегла па iм, яна мiргнула вачыма, сцiснула вейкi, кулачком правяла па вачах, каб выцерцi раптоўныя слёзы, глытнула слiну i загойдалася далей у роўнай, размеранай хадзе. I нейк адразу ўсе ўскiнулi твары ўгару. Нямецкi драпежнiк зноў ляцеў сюды. Няроўны рокат яго матора хлынуў раптоўна. Цяпер ён iшоў нiжэй, як першы раз, i кругi рабiў вузейшыя. Зноў натоўп жанчын i дзяцей ляжаў на зямлi, i зноў яна ў сваёй стракатай хусцiнцы спала, уткнуўшыся тварам у здзiрванелую абочыну дарогi. Побач з ёю ляжаў сямiгадовы хлопчык, а пяцiгадовую дзяўчынку яна праз сон адчувала працягненай рукой. Яе рука ляжала на руцэ той, якой яна стала замест мацi.



2 из 8