I раптам увесь гэты гарачы i ясны дзень раскалоўся ад свiсту. Усё ўскалынулася i рванулася ўгару. Свет страсянуўся, жудасны гук аглушыў яго, i стала цёмна. Але яна так моцна спала, што больш за хвiлiну не магла апамятацца, калi ўскочыла на ногi з-пад зямлi, якая ўпала на яе балючым тупым ударам. Яе кiнула далёка ад дарогi i засыпала зямлёй. Не паспела яна скiнуць з сябе забыццё, як зноў, ужо з другога боку i так жа блiзка ад яе рванулася з трэскам i грукам зямля. А пасля далей i далей, i так многа разоў. Усё згiнула i знiкла, i раптам заўладала светам цiшыня. Чутно было, як аддаляўся гул, знiкаў у вышынi, якой не вiдно было.

Яна стаяла адна ў гэтым жудасным пекле. Яснага дня ўжо не было. Ад дыму i пылу стаяла ноч. I вось у яе душу пачала сачыцца радасць, што стала цiха. Каленi яе згiналiся, галава хiлiлася к грудзям. Усё яе цела ныла, балела i прагнула спакою. Дарэмна яна старалася што-небудзь разгледзець навокал сябе. З трывогай яна ўспомнiла, што нават не ведае, як завуцца яе дзецi i як iх цяпер паклiкаць, каб яны абазвалiся. Яна апусцiлася на каленi, нейк бокам, i старчма галавой уткнулася ў зямлю, i нi з чым не параўнаная асалода сну ахапiла яе. Але разам з тым кожную хвiлiну яе пранiзвала пакута свядомасцi, што яна не бачыць каля сябе сваiх дзяцей. Раз-поразу яна адрывала твар ад зямлi, шпарка адкрывала вочы, бачыла змрок пылу i дыму i зноў падала ў шчасце сну. I так было многа разоў. Пасля пачаў яснець дзень, i яна з натугай, якая магла быць не пад сiлу самаму моцнаму целам i духам мужчыну, адарвалася ад сну i затапталася назад i ўперад. Ужо не было дарогi, а замест яе ямы. Не было i зялёнай абочыны. Тут ляжала шэрая зямля. Яна працёрла кулачкамi вочы i ўбачыла адарваную галаву той жанчыны, якая iшла перад ёю. У трывозе яна пачала азiрацца, дзе яе дзецi. Але бачыла толькi рукi i ногi, адарваныя ад цел, галовы i скрываўленыя косцi. I тут вочы яе спынiлiся на той малой дзяўчынцы. Дзiця было напалавiну прысыпана зямлёй, але твар быў наверсе.



3 из 8