
Аднак жа гэта быў сапраўдны лес, i здаваўся ён здалёк нiзкiм таму, што рос у лагчыне. Тут раслi ялiны i траплялiся бярозы. I ядловец гусцiўся пад арэшнiкам. Як тут было цiха i спакойна! Здавалася, усе грымучыя навальнiцы смерцi i пакут адышлi ў нябыт. З вельмi далёку даходзiў сюды грукат нейкiх узрываў, але гэта не было над галавой, i ў гэтым было шчасце. У прагалiну памiж дрэў падала з самага нiзкага свайго захаду сонца. Дзяўчынка стаяла ў сонцы быццам ужо ў бяздум'i. Стракатая хусцiнка на яе галаве страцiла ўжо ўсе свае колеры. Гэта была анучка, брудная i скамечаная. Сукенка вiсела на гэтым дзiцяцi кавалкамi трантаў, вываляных у зямлi. Ног не было вiдно з-пад пласта пылу. Там, дзе ногi былi прабiты i абадраны аб каменнi i карчы гэтай нялюдскай дарогi, тырчалi гузы закарэлай крывi. Завостраныя плечы яе тырчалi ўгару, адно плячо трымалася вышэй за другое i раз-поразу ўздрыгвала. А твар быў учарнелы, завостраны i неспакойны. Чым больш яна стаяла тут, тым выразней сыходзiла з яго пячаць ранейшай цягавiтай упартасцi, i замест яе ажываў адчай.
