
Ён быў чорны ад пылу i дыму. Яна падняла сваё дзiця на рукi. Яно вельмi цяжка дыхала i вачэй не расплюшчвала. I толькi цяпер яна заўважыла, што ў дзiцяцi скрываўлены ногi. Густая ад зямлi кроў цякла бесперастанку. Дванаццацiгадовая жанчына прыцiснула да сябе сваю дзяўчынку i бездапаможна азiрнулася. Хоць бы дзе жывы хто, хоць бы чалавечы голас! Ахоплепая страхам i смуткам, яна, моцна трымаючы пры сабе дзiця, пабегла полем у той бок, дзе стаяла сонца. Два разы яна спатыкнулася i два разы падала, але кожны раз утрымоўвалася на каленях, каб зберагчы тую iстоту, якуго несла на руках. I кожны раз аставалiся на палявой зямлi знакi ад яе вострых каленак. Яна ўсхватвалася i бегла далей, трымаючы ў памяцi толькi адно - туды, дзе стаiць сонца. Гэта яна цвёрда засвоiла: каб не збiцца з дарогi, трэба iсцi туды, дзе ўсходзiць сонца, трэба iсцi на ўсход, к Маскве. Так сказала ёй, умiраючы, мацi. Але цяпер было пасля паўдня. Сонца стаяла высока. З галавы яе выйшла, што трэба праверыць свой кiрунак на ўсходзе сонца. Яна ў гэтыя моманты не магла адумацца i бегла к паўднёваму сонцу, якое ва ўсiм сваiм бляску стаяла над гарачай зямлёй.
Ёй здавалася, што яна бяжыць вельмi доўга. Сэрца яе разрывала грудзi. Яна пайшла павальней. Ногi блыталiся ў траве, над якой гулi пчолы. Гарачыня цiснула яе. Яна азiрнулася i села на зямлю. Сваё дзiця яна паклала на зямлю i, пакуль аддыхвалася, не адкрывала вачэй, а як адкрыла, убачыла, што дзiця не варушыцца i не дыхае. Смерць! Яна гэта адчула ўсiм сваiм iнстынктам. Яна ўстала на ногi i доўга так стаяла. Цяпер яна з усёй яснатой думкi чакала, што хто-небудзь з'явiцца на гэтым пустым i гарачым полi. Раптам яна прыгнулася, дакранулася рукой да нежывога дзiцяцi i вельмi паволi пайшла ў той бок, куды iшла i дагэтуль - к сонцу. Многа разоў яна чула за сабой далёкiя ўзрывы, многа разоў чула дзесьцi над сабой рокат нямецкiх ненаеднiкаў, але яна нават не аглядалася, быццам нiчога i не чула. Усё iшла i iшла. Вузкая палявая дарога была перад ёю.