
Зноў заманулася яснавяльможнаму валадару праехацца ўлетку на санках, прамчаць новую каханку на мядзведжай запрэжцы. А людцам паспалiтым таксама ўсцеха - да трэцяга калена сабранае солi стане.
Ачхi! Вы ўжо даруйце, шаноўныя, трэба начхацца ў запас, бо дзе гэта вы бачылi святога Пётру, якi чхае на музейных наведнiкаў?
Ну так, цяпер я экспанат. Але, калi хтосьцi з вас скажа: "Sic transit gloria mundi"*, я запярэчу. Хiба рацыя наракаць мне на свой лёс? Было нас шасцёра братоў, а застаўся на свеце адно я. А цi не паважны век маё без малога чатырыста гадоў, пражытыя ў гэтых барочных мурах, што памятаюць ядры маскоўскага цара, шведскага караля i французскага iмператара ды град нялiчаных асколкаў ад нямецкiх бомбаў?
* Так мiнаецца зямная слава (лац.).
Часам я шкадую, што ў мяне драўлянае сэрца, а часам радуюся з тае самае прычыны, бо iначай яно не вытрывала б усяго, што мне выпала пабачыць. Але, вiдаць, яно не зусiм драўлянае, бо такiмi вось чыстымi вясновымi ранкамi, калi маладыя сонечныя промнi запальваюць пазалоту капiтэляў i гзымсаў, а на белыя сцены шматкалёрна кладуцца цёплыя водсветы вiтражоў, я адчуваю, як маё сэрца прачынаецца i дзесьцi там, у душы, нараджаецца цiхая музыка...
Ачхi! О жудлiвае насланнё Люцыпара! Ачхi! Усё, апошнi раз, бо вунь ужо iдзе Алена, як зазвычай, усмешлiвая, лёгкая i пекная, што той анёлак.
Наша навуковая супрацоўнiца стагоддзi на тры з паловаю маладзейшая ад мяне, аднак у яе галоўцы з дробненькiмi залацiстымi кудзеркамi змяшчаецца гэтулькi iмёнаў, падзей i, галоўнае, датаў, што нават я крышачку зайздрошчу ёй. Праўда, калi чытаеш пра ўчыненую стральцамi разню i калi на ўласныя вочы бачыш, як плыве цераз храм чырвонае ручво i ў iм кешкаецца немаўля - гэта, прысягаю светлай памяццю майго бацькi, зусiм розныя рэчы.
Ды лепей, шаноўныя, замест жудлiвых прыгадаў, пакуль Алена з экскурсiяй падыдзе блiжэй, намалюю я вам свой партрэт.
