У мяне грубаваты, але мужны i нават паглядны твар з шырока пасаджанымi вачыма. Вятрыска жыццёвых нягодаў ваяўнiча ўскудлацiў мае густыя валасы i бараду. На дужых рамёнах - апанча. Цi трэба дадаваць, што, як i належыць святому, трымаюся я з годнасцю. Тым больш у маiх каструбаватых руках звыклага да працы чалавека не абы-што, а ключ ад райскае брамы.

Вам цiкава, адкуль музейны экспанат гэтак добра ведае сваё аблiчча, быццам штодня круцiцца каля люстра, усё роўна як дзяўчына на выданнi? А летась пашчасцiла i мне глянуць у люстэрка, калi тыднi з два вылежваўся на стале ў рэстаўратараў, што няблага падлячылi мае старэчыя хваробы. Апроч, вядома, чыхаўкi, а прызнацца ў ёй перашкодзiла мая прыродная сцiпласць.

- Перад вамi драўляная скульптура святога Пётры, - цурчыць Аленiн галасок. - На жаль, гiсторыя не захавала iмя выдатнага майстра...

Антосем яго звалi.

Майго бацьку, чалавека, што выпусцiў мяне на свет з невiдушчага i глухога дубовага кругляка.

Ён быў каржакаваты, з цёмна-русымi доўгiмi валасамi i рахманымi сiнiмi вачыма. У аблiччы гэтага цiхмянага чалавека не было нiчога нязвычнага, але калi Творца сапраўды iснаваў, дык Антось быў вельмi падобны да яго. З каляных i пяшчотных Антосевых далоняў выпырхвалi драўляныя жаўрукi, iльвы на падлокнiцах крэслаў, не паспеўшы нарадзiцца, хапалi зубамi разец, а па мядзведзю, якога мой бацька выштукаваў у паляўнiчай зале, аднойчы пекануў з рушнiцы зляканы княскi госць.

Але то былi нявiнныя забаўкi, бо Антось не проста штукарыў, а аздабляў ва ўсiм вялiкiм наваколлi храмы, i я на свае вушы чуў, як варшаўскi прыяцель нашага валадара аддаў за бацьку табун арабскiх скакуноў.

Па жылах Антосевых бегла адважная кроў. Браты мае, яшчэ не агойтаўшыся як след пасля цеснае майстэрнi ў новым шыкоўным жытле, ледзь не засталiся сiротамi, а маё жыццё дык наогул вiсела на павучынцы. Хтосьцi з добрых людзей нашаптаў айцу Геранiмусу, што святы Пётра (гэта значыць я) задужа выдае з твару на княскага стайнiка Сымона. Яшчэ паўбяды, каб гэты Сымон быў праўдзiвае рымскае веры цi, на горшы выпадак, вунiтам. А ён, як на тое, схiзмат праваслаўны, якi не верыць, што святы дух сыходзiць не толькi ад Бога-Бацькi, але i ад Бога-Сына.



3 из 9