
Адзiн з танцораў, якi ў найпапулярнейшай кадрылi замянiў адсутную знакамiтасць - прыгажуна "Мара дзяўчатак" - i сiлiўся не саступiць нястомнаму "Цялячаму рабру", рабiў такiя няўклюдныя выверты, што гэта выклiкала дружны смех i кепiкi гледачоў.
Ён быў худы, адзеты, як пiжон, з цудоўнай лакiраванай маскай на твары маскай юнака са светлымi падвiтымi вусамi i пышным парыком на галаве.
Ён нагадваў васковую фiгуру з музея Грэвэна, нейкую дзiўную, незразумелую карыкатуру на юнага прыгажуна з часопiса мод; танцаваў ён зацята, але нязграбна, з нейкiм камiчным запалам. Рухi ў яго былi як падмарожаныя ў параўнаннi з iншымi, калi ён сiлiўся паўтарыць iх выбрыкi; у яго быў выгляд паралiтыка, выгляд няўклюднага кудлы-падваротнiка ў гульнi з чыстакроўнымi хартамi. Здзеклiвыя "брава" толькi паддавалi яму жару. I, ахмялелы ад свае заўзятасцi, ён так утрапёна дрыгаў нагамi, што пры чарговым шалёным падскоку знячэўку ўрэзаўся галавой у сцяну гледачоў, якая ўмiг расступiлася, каб даць яму дарогу, i тут жа самкнулася зноў вакол знерухомелага, распластанага на падлозе знежывелага цела танцора.
Мужчыны паднялi яго i панеслi з залы. Пачулiся крыкi: "Доктара! Цi ёсць тут доктар?!" З натоўпу азваўся малады чалавек, вельмi элегантны, у чорным фраку з буйнымi брыльянтамi на святочнай кашулi.
- Я выкладчык на факультэце, - сцiпла сказаў ён.
Яму далi прайсцi ў пакой, завалены папкамi, бы канторка якога службоўца, дзе на крэслах ужо ляжаў усё яшчэ непрытомны танцор. Доктар найперш памкнуўся зняць маску, але выявiлася, што гэта не так проста: мноства танюткiх драцiначак старанна знiтоўвалi яе з краямi парыка, моцным плецiвам акалялi ўсю галаву, i богведама як было яго расплесцi. Шыя таксама была апята штучнай скураю, што iшла спадыспаду маскi ўнiз ад падбародка, i гэтая пальчаткавая скура цялеснага колеру прыпiналася да каўняра кашулi.
Давялося расцяць усё вялiкiмi нажнiцамi; i калi доктар прайшоўся iмi па гэтым дзiвотным плецiве, зрабiў разрэз ад пляча да скронi i расхiлiў панцыр, пад iм аказаўся выпетраны часам, худы, маршчынiсты твар старога чалавека. Уражанне гледачоў ад кантрасту памiж прынесенай iмi сюды юнай кучаравай маскай i сапраўдным аблiччам было такое вялiкае, што нiхто не засмяяўся, не прамовiў нi слова.
