
Ашаломлена глядзелi яны то на вартае жалю, распасцёртае на саламяных крэслах аблiчча з заплюшчанымi вачамi, з клоччам сiвых валасоў, доўгiх на лбе i кароткiх на шчоках ды падбародку, то на зграбную, дзiвосную блiскучую маску вобак, такую юную i жыццярадасную.
Па доўгiм памараку стары, нарэшце, апрытомнеў, але ён яшчэ быў такi слабы, такi нямоглы, што доктар пабойваўся, каб не здарылася чаго горшага.
- Дзе вы жывяце? - запытаўся ён.
Стары танцор з вiдавочнай цяжкасцю напружваў памяць, урэшце як быццам прыгадаў i назваў вулiцу. Аднак нiхто з прысутных не ведаў, дзе такая знаходзiцца. Давялося распытваць, у якiм яна квартале. Стары доўга, разгублена сiлiўся ўспомнiць, i гэта давалася яму так цяжка, што наводзiла на думку пра расстройства мыслiцельных здольнасцей.
- Я сам завяду вас дадому, - вырашыў доктар.
Яму раптам заманулася даведацца, хто ён, гэты дзiўны блазен, захацелася паглядзець, дзе жыве гэты незвычайны танцор.
I вось яны селi ў фiякр i неўзабаве апынулiся на процiлеглым канцы Манмартра.
Фiякр спынiўся каля высокага абшарпанага дома з зашмальцаванай лесвiцай аднаго з тых занядбаных дамоў з безлiччу вокнаў, страшэнна самотных на голым пустыры, дзе ў неахайных бярлогах вякуе свой век процьма згалелых, абнядоленых людскiх iстот.
Доктар, трымаючыся за парэнчы - драўляныя брускi вiнтавой лесвiцы, да якiх прылiпала рука, - завалок ажно на пяты паверх легкадумнага старога, да якога спакваля вярталася сiла.
Дзверы, у якiя яны пастукалi, адчынiлiся, i на парозе паявiлася жанчына, таксама ўжо немаладога веку кабета, чысценькая, у бялюткiм начным чэпчыку на пукатай, з рэзка акрэсленымi рысамi твару галаве - вялiкай, гожай i строгай, такiя звычайна бываюць у жанок рабочых, жанок працавiтых i верных.
