
— Можна папалуднаваць? — задаў я пытанне, набліжаючыся да буфета.
Гаспадар вырачыў на мяне вочы, адначасова варушачы вяхоткамі вусоў. Быў ён, не ведаю чаму, гэтак здзіўлены, быццам я папрасіў яго падсмажыць мне месяц. Дзявуля выставіла пышныя грудзі і разявіла рот, гледзячы на мяне бязвейкавымі свінымі вочкамі. Пасля працяглых перамоў для мяне падсма- жылі кавалак мяса з бульбай і налілі шклянку гарэлкі.
Становішча маё было наступным: калі заплачу за ежу тысячу, застанецца 4 тысячы марак. Савецкіх грошай не маю зусім, таму буду змушаны ісці з польскімі; можа, у Расіі абмяняю іх на савецкія. Не ведаю, як мне пашанцуе далей і як выканаю выпрабавальнае заданне, якое ведаю напамяць... Нават зброі не маю. Што праўда, ёсць у мяне вялікі нямецкі «спружыннік», але гэта благая зброя там, дзе можна мець дачыненне з вінтоўкамі. Апрача таго маю лісты і адзін фотаздымак.
Гэткія мае матэрыяльна-тэхнічныя «сродкі» для выканання задання!.. Як вам фільм, га? Нават адзежыны адпаведнай для Саветаў не маю. Яшчэ шавец звярнуў маю ўвагу, што: «То, тамака, не таго!» Але я. таго: пасвістваю на гэта. Неяк там будзе, ліха на яго!
І. ПЕРШАЯ ВАНДРОЎКА Ў «ЧАЦВЁРТАЕ ВЫМЯРЭННЕ»
Смяротная трывога ахапіла зямное жыццё, паўсюль відаць сляды рабскага прыніжэння.
Надзея шуганула ўпрочкі, каханне перарасло ў нянавісць, святыя алтары ляжалі ў друзе.
А. Дыгасінскі «З даліны Прондніка».
1
Дзяжурны малодшы камандзір адкашляўся, левай рукой абабіў ззаду мундзір, схіліў галаву направа і пастукаў у дзверы кабінета камандзіра 29-га мытнага батальёна.
— ...эсьць! — пачулася з сярэдзіны.
Узводны ўвайшоў, выпрастаўся, адказыраў і службіста выдаў з горла складзеныя і некалькі разоў паўтораныя напамяць словы:
— Рапартую слухмяна, пан ма-ёр, што нейкі цывільны да пана ма-а-ёра!
— Што за цывільны?
— Кажа: у сакрэтнай справе да пана ма-а-ёра.
