— Няхай увойдзе!

Неўзабаве ў кабінет увайшоў высокі, сухарлявы малады чалавек. За ім у дзвярах стаяў узводны.

— Чэсць!

— Чэсць! Што вам патрэбна?

— У сакрэтнай справе ... — цывільны змоўк і азірнуўся на ўзводнага.

— Калі ласка, праходзьце! — загадаў маёр.

Малодшы камандзір похапкам нырцануў у калідор і прычыніў дзверы. Забава (гэта быў ён) выняў з шапкі канверт і падаў маёру. Маёр разарваў кан- верт, уважліва прачытаў і зірнуў на Забаву.

«Шпіён, агент выведкі, — падумаў. — Можа нават афіцэр... Апрануты неяк дзіўна... Толькі клопаты з такім!»

— Сядайце, калі ласка, — сказаў, паказваючы рукой на крэсла.

Забава сеў.

— Пан жадае перайсці мяжу на адрэзку майго батальёна?

— Так.

— Калі пан жадае ісці?

— Сёння, калі сцямнее.

— Мае пан абраны пункт для пераходу мяжы?

— Не. Зрэшты, маю... Рэч пра тое, каб перайсці мяжу ў такім месцы, каб паблізу знаходзіўся гасцінец, што вядзе ў Менск. Было б добра пайсці па найкарацейшым шляху.

— Добра.

Маёр націснуў гузік званка.

У дзвярах вырас узводны.

— Па вашым загадзе...

— Папрасі да мяне камандзіра першай роты, — перабіў яго маёр. — І зараз жа!

— Ёсць!

Пасля таго, як узводны пайшоў, маёр пачаў разглядаць раскіданыя на пісьмовым стале паперы. Меў выгляд чалавека, які мае вялікае жаданне спы- таць у шпіёна пра пэўныя рэчы.

«Чалавек, як-ніяк, цікавы. — думаў маёр, — але лепш: дыстанцыя. Можа таксама пачне пра штосьці распытваць або вось раптам праявіць якую нечуваную нахабнасць».

Праз нейкі час звярнуўся да Забавы:

— Ці пакіне пан у нас якія-небудзь паперы? Калі так, гэта найлепш зра- біць цяпер...

— Вядома.

Забава выняў з бакавой кішэні фрэнча стосік дакументаў, лістоў і здымкаў. Маёр уклаў усё гэта ў вялікі канверт, запячатаў і напісаў сённяшнюю дату.

— Калі пан вернецца, дык, калі ласка, прашу спаслацца на дату. А калі мяне не. Праз які час пан мяркуе вярнуцца?



16 из 136