Ужо ў тым першым апублікаваным творы С. Пясецкага сярод каларытных герояў-персанажаў, чытач сустрэў вызначальную згадку-апісанне: «Адхінуўшы з памежжа павалоку цемры, мы ўбачылі б акул граніцы: сялян з абрэзамі, карабінамі, рэвальверамі, сякерамі, віламі і каламі, якія цікуюць здабычу... Убачылі б незвычайную постаць... чалавека, які самотна перамервае пагранічча... Крочыць з рэвальверамі ў руках, з гранатамі за пасам, з кінжалам на баку. Гэта шпіён... Стары, загартаваны, цудам ацалелы ў дзесятках сутычак, рашучы, нібы д’ябал, да шаленства смелы пірат граніцы...»

Вось такі наскрозь аўтабіяграфічны герой, праўдзівы карсар памежжа Раман Заба­ва і быў ужо створаны С. Пясецкім у найпершым (па часе напісання) творы «Пяты этап». Раман быў напісаны... за 4 тыдні. За 28 дзён! (2—29 красавіка 1934 г.)

Паказальна, калі 2 жніўня 1937 г. С. Пясецкі пакідаў турэмныя сцены, ён вынес з сабою не толькі зачытаны асобнік «Бібліі» і два чарнавыя рукапісныя зборнікі вершаў (не захаваліся), але таксама і даўжэзны (бо на 600 загалоўкаў!) спіс літаратуры, якой не было ў турэмнай бібліятэцы, але якую вязень самых суровых польскіх турмаў жадаў прачытаць.

Яшчэ да вайны раман пачаў распаўсюджвацца ў замежжы: спачатку на шведскай (1939), потым дацкай (1943) і іспанскай (1948) мовах. А ўлічваючы, што нейкі час «Пяты этап» друкаваўся як частка рамана «Роўныя начным багам», сюды належыць залічыць і выданні італьянскія (1955—1956 гг.).

Цяпер да гэтых перакладаў далучаецца і беларускі. Чытачу будзе цікава даведацца пра шмат якія рэаліі з кантрабанднага і шпіёнскага жыцця на памежжы і найперш Менска (так афіцыйна падавалі назву сталіцы БССР да 1939 г.).

Ужо на волі ў даваенны і паваенны час (пісьменнік жыў у Італіі, а пазней у Англіі, дзе і памёр), паўстаў дзесятак твораў, пераклад якіх на беларускую мову паспяхова працягваецца.



2 из 136