
Так што айчыннага чытача яшчэ чакае не адзін этап пазнання творчасці нашага таленавітага земляка з Ляхавіч.
Язэп Янушкевіч
Памяці Антона Невяровіча і Яна Парахневіча прысвячаю
І бачыў я, вось конь палавы, і на ім верхавец, імя якому смерць, і пекла ішло за ім; і дадзена яму было панаванне над чацвярцінай зямлі, — забіваць мечам і голадам, і пошасцю, і звярамі зямнымі.
Апакаліпсіс, VI. 4, 8
Уступ
Ружовы ліхтар
У кожным слове — тысячы адценняў,
А ў тых адценнях — сотні летуценняў
А ў летуценнях тых — мільён значэнняў.
Ю. Валашыноўскі. Эсэ «Славацкі»
На душэўнае развіццё Рамана Забавы вялікі ўплыў зрабіў ружовы ліхтар. Ён забыўся пра яго зусім, але тонкае, ружовае святло таго ліхтара не гасне і па-ранейшаму мігціць у далёкай клетцы мозгу, у плынях падсвядомага і часта мае вырашальны ўплыў на колер, характар і напругу ягоных пачуццяў, імкненняў і ўчынкаў.
Было гэта неўзабаве пасля рэвалюцыі 1905 года. Ромак меў тады сем гадоў і рос хлопчыкам надзвычай уражлівым, з багатай фантазіяй. Кожнае здарэнне рабілася важкай падставаю, каб снаваць бясконцыя мары... Аднойчы, на свята, бацька загадаў яму прыапрануцца і павёў яго ў кіно. Першае наведванне сінематографа зрабіла на Ромку незабыўнае ўражанне. Хлопчык апынуўся ў краіне цудаў, пра існаванне якой нават не падазраваў. На чарадзейным палатне, пад вытанчаныя адлегласцю і прыцемкам гукі скрыпкі і піяніна, пад размеранае туркатанне апарата праплывалі перад ім цудоўныя краявіды нейкай паўднёвай ракі, з маляўнічымі берагамі, прыгожымі наваколлямі. Фільм быў зняты не вельмі ўдала, у некалькі шэрых паўтонаў (якая ж тады была кінатэхніка), але для Ромкі гэта быў цуд, які ўзнёс яго ў найбагацейшую і найвышэйшую краіну мар, казак і сноў.
