
Кінатэатр, у які трапіў Раманік, зваўся «Увесь свет». Перад ягонымі параднымі дзвярыма, над шыльдай вісеў вялізарны ружовы ліхтар. Ён праменіў навокал мяккае святло, што мільярдамі каляровых іскрынак, блікаў і агнёў пералівалася на снезе, якім была засыпана вуліца. Ліхтар той стаў для Ромкі знакам, нават сімвалам уцялесненых цудаў і ўвабраў у сваіх прамянях «увесь свет»: свет фантастычных прыгод, незвычайных людзей, геройскіх подзвігаў.
Міналі гады. Раманік рос. Зрабіўся палкім аматарам кіно... Почасту расчароўваўся, калі ў гучна разрэкламаваных фільмавых хітах бачыў пыхлівую, пустую дзяшоўку. Але няспынна смактаў яго голад незвычайных уражанняў, якога ніколі не мог наталіць.
Часта, ужо вучнем, прыпыняўся на рагу цэнтральнай вуліцы места, адкуль можна было здалёк бачыць цудоўны ліхтар. Летуценна глядзеў у тым кірунку і, нібыта гэта быў няспынны боль ад нейкай хваробы, адчуваў у душы дзіўны неспакой, які рабіў яго абыякавым да рэчаіснасці, і нават раздражняльным.
Далейшае жыццё Ромака поўнілася незвычайнымі прыгодамі. Неаднойчы мог выбраць паміж выгодамі спакойнага, мяшчанскага ладу жыцця і цёмнай небяспечнай дарогай авантурніцтва. Калі апынаўся на ростані — куды ж падацца, тады непрыкметна ўсплывалі з падсвядомых куточкаў душы прыспаныя лагодныя прамяні ружовага ліхтара і казачна пераўвасабляліся ў сакавітыя колеры, бляскі і вясёлкі менавіта таго небяспечнага шляху, робячы яго неадольна прывабным... І Раманік ішоў па цаліку, да абяцаных цудаў, у краіну ружовых сноў. Ішоў, часта супраць уласнай разважлівасці, насуперак жаданню і наперакор волі.
КАНЕЦ ЧАЦВЁРТАГА ЭТАПУ
«Я выпіла, таварышы, за здароўе мужных людзей моцнай волі. Вы чуеце? Я выпіла за здароўе неразважнага, які вырадзіўся ў сарэнцкага мяшчаніна Пешкова — я выпіла за здароўе той неразважнасці, якая давяла трыгладыта да стану элегантнага еўрапейца. Я выпіла за здароўе таго, што не ведае тупікоў і гарыць вечным агнём імкнення ў невядомыя краіны. Я выпіла за здароўе канквістадораў».
