Ён стаяў блiжэй за ўсiх да быка. Тоўсты працягнуў руку, каб узяць гэты кiнжальчык. Вельмi можа быць, а напэўна так i было, што ён сам хацеў гэтым кiнжальчыкам закалоць быка. Малады чалавек з недавер'ем адмахнуў руку назад i адступiў на крок. I гэта было як бы сiгналам да таго, каб усiм iм нават i перад тварам адзiнага свайго ратунку зачынiць наглуха адзiн перад адным свае душы. Усе стаялi ў маўклiвай нерухомасцi. Раптам малады ў летнiм пiнжаку не вытрымаў.

- Ага! - крыкнуў ён, i вочы яго пачырванелi, i твар уздрыгануўся. Ён кiнуўся да быка i хапiў яго аберуч за рогi.

- Завярнi яму галаву набок! - крыкнуў тоўсты i памог яму. Бык апошнi раз зарыкаў. Ён такi дачакаўся свайго ратунку. У кожным разе яго хоць могуць ужо адарваць ад калючай папруцiны. Бык стаяў з паднятай угару мысай, падвернутай набок i нацягненай шыяй. Тоўсты ўзяў з рук маладога ў пiнжаку фiнскi нож i шпарка ўмеркаваў нож у тое месца на бычынай шыi, па якiм трэба было даць. Самы старэйшы i самы маладзейшы апынулiся тут жа.

- Трымайце быка за пярэднiя ногi! Звяжыце iх цесна! - гукнуў тоўсты. Хутчэй!

Здавалася, што самы старэйшы ў момант скiнуў з сябе холад абыякавасцi. Дзiўна было бачыць, як ён раптам устрапянуўся i сарваў з сябе вяроўку, якой былi падвязаны яго штаны. Шпарка працягнуў ён вяроўку маладому ў чырвонаармейскiм адзеннi. Той хапiў вяроўку i кiнуўся з ею да бычыных ног. На паўсекунды раней, чым ён гэта зрабiў, бык раптам iрвануўся з усiх сваiх сiл, на ўсе жылы скочыў угару, чмыхнуў i збiў з ног усiх, хто толькi быў перад iм. Толькi куст шыпшыны хiстануўся ў самую зямлю. Бык адарваўся ад яго i рынуўся ў бягу. На шыпшыннiку астаўся ўвесь як ёсць пук валасоў з яго хваста. Адразу ж усе ўчатырох апамятавалiся, цi можа, праўдзiвей сказаць, дарэшты страцiлi развагу. Разам усе кiнулiся наўздагон за быком, якi ўжо чмыхаў i тросся за кустамi ў полi. Грудаватая мерзлата стрымлiвала яго бягу. Ён стаў i зарыкаў, i ўсе паддалi ходу. Ён пабег, аслабелы i спуджаны. Бяга яго была роўная, ён бег куды беглася. Чуючы, што за iм гоняцца, ён паддаваў ходу. Але не толькi ён, а i яны тамiлiся, i iх агульны рух павальнеў, але не спыняўся.



10 из 66