- Ахапiць яго з флангаў! - закрычаў тоўсты.

Бяга iшла доўга. Пакуль беглi, дзень яшчэ паяснеў i схiлiўся блiзка да заходу сонца. Беглi роўна, усё ў адзiн кiрунак. Мерзлае поле не мела на сабе нiякiх сцежак нi дарог. Яны прабеглi некалькi разоў паўз дробныя ляскi, мiналi лагчыны i ўзгоркi. Нарэшце ўсе ўзрадавалiся: бык пайшоў цiха. I ўсе пайшлi так, дыхнуўшы на поўныя грудзi. Якое iм было шчасце не бегчы больш! Ногi ў iх чаплялiся адна за адну. Яны хiсталiся ў бакi.

Той, што ў лёгкiм пiнжаку, раптам падняў у сябе з-пад ног нейкi высахлы корань i стаў жаваць яго. Самы старэйшы рвануў з прымерзлай зямлi кусцiк счарнелай травы i сцiснуў яе зубамi.

- Кончуся зараз, - сказаў тоўсты.

- Што вы жуеце? - прахапiўся нейк раптам самы маладзейшы, дапытлiва сочачы за тымi двума. Ён не бачыў, як адзiн iрваў траву, а другi паднiмаў з-пад ног корань.

Бык стаў. Сталi i яны. Бык спусцiў мысу ў зямлю, як бы нюхаючы ў сябе каля капытоў. Усе ўчатырох селi на зямлю.

- Цяпер мы яго дагналi б, - сказаў маладзейшы. - Ой, як холадна. У мяне шыя спацела... Памру з голаду.

- Я ледзьве жыву, - абазваўся той, што ў летнiм пiнжаку.

- Бык лёг! - жвава сказаў самы старэйшы.

Дзiўна было: як адразу апанавала яго такое ўзбуджанне.

Бык сапраўды ляжаў.

- На быка! - гукнуў адразу тоўсты ў кажуху. Усе ўчатырох усхапiлiся i пабеглi. Бык устаў i пабег. Учатырох зноў гналiся за iм, выбiваючыся з сiл. Скрозь мерзлае поле, i паабапал зноў дробныя ляскi. Перад iмi зачарнелася пажарышча. Абкуродымленыя печышчы тырчэлi з халодных асмалкаў. Больш як на кiламетр цягнуўся гэты малюнак. Далей бык абмiнуў пагнутую i збiтую з лафета гармату на краi ямы. I зноў пайшло поле. Сонца ляжала на iм чырвоным бляскам.



11 из 66