
- Iзноў хiба выйдзем?
- Ну, як там, цiха? Нiчога падазронага? - абазваўся той, што ў летнiм пiнжаку.
- Прыглядайцеся ў бок лесу, - заўважыў самы старэйшы.
I ўсё памiж iмi як бы высветлiлася. Чаго ж iм яшчэ крывiцца адзiн на другога цi ўсiм на аднаго, калi яны разам павiнны сцерагчыся нежаданага прыйсця таго, хто можа iсцi iхнiмi слядамi? Такая атмасфера раптам навiсла ў гэтай хаце. Здаецца, яе адчуў нават i той, што зрабiў труну. Ён паглядзеў на ўсiх чатырох i сам сабе ўздыхнуў: "Божа мой, Божа". Як бы там нi было, ён сам выйшаў з хаты i, калi вярнуўся, сказаў:
- Цiха i пуста. Нiкога нiдзе. Месяц узыходзiць.
Пра месяц ён сказаў праўду, але гэта была ўжо лiшняя фраза, i iшла яна ад пошукаў хоць якой блiзасцi з людзьмi. Можа яно было i так. I гэтак усiм здалося. Тым часам самы маладзейшы зноў падняўся, каб выйсцi. Падняўся i тоўсты. Раптам малады не вытрымаў:
- Чаго ты не спускаеш мяне з вока?! Мы тут роўныя ўсе!
- Я не дзеля цябе, а дзеля сябе. Я сам хачу бачыць i слухаць. Але ж i ты за мною ходзiш.
- Няхай, калi так, хто iншы выйдзе, - сказаў малады.
- Я пайду i доўга буду стаяць на варце, - сказаў старэйшы.
Таўсматы з нейкiм расчараваннем унурыўся i перабiў:
