- Мяса павiнна зварыцца ўжо.

Усе апынулiся ля самай печы. Гануся выцягнула адзiн чыгун i ткнула ў яго ашчэпкам лучынкi.

- Гатова! - сказала яна.

Тоўсты паставiў на лаву ў кут чыгуны. Адзiн i другi.

- Есцi ў сенцах - сказаў самы малады.

З якой удзячнасцю паглядзеў на яго той, што ўвесь гэты час стаяў над нябожчыцай! Самы старэйшы зразумеў гэты позiрк. Ён хапiў чыгун i паiмчаў у сенцы. Шпарка ўсе пайшлi за iм. Той з размаху паставiў чыгун на зямлю, выхапiў кавалак мяса i, абдзьмухваючы яго, пачаў iрваць зубамi. Здавалася, што калi ён будзе чакаць, пакуль мяса астыне, то гэта будзе каштаваць яму сканання. Але i не толькi ён. Ужо ўсе падкiдалi на руках гарачыя кавалкi, кусалi як толькi маглi i елi, елi. Пасля тоўсты прынёс другi чыгун. Два чыгуны мяса яны з'елi не больш як за дзесяць хвiлiн i адчулi, што не пад'елi як мае быць. Але нейкая сiла, можа нават мацнейшая за голад, стрымала iх ад якiх бы там нi было пошукаў спосабу задушыць да канца прагу да яды. Усе, як згаварыўшыся, выйшлi на ганак i сталi самi не свае. Вельмi можа быць, што цяпер iм усiм лепш бы было разысцiся хто куды i век больш не сыходзiцца разам. Як бы яно там нi было, але колькi момантаў усе пастаялi моўчкi, i тоўсты раптам пачаў спускацца з ганка. Можа ён нiчога такога i не думаў, але ўсе гукнулi ў адзiн голас:

- Куды? Чаго? Як гэта?!

Ён падняўся зноў на ганак, i ўсiм стала ясна: не ўстанавiлася памiж iмi згода, i вялiкае недавер'е жыло i не зменшвалася. Самы старэйшы раптам уздыхнуў i штосьцi як бы прашаптаў сам сабе.

- А памагчы таму хаваць, - сказаў ён мацней.

- Я кончуся з холаду ў гэтым пiнжаку, - сказаў той, лёгка адзеты.

Ён шпарка рушыў у хату. I ўсе за iм. Таўсматы сеў на лаву. Усе ж астатнiя сцiснулiся пры печы, у якой яшчэ датляваў жар. У момант цяпло размарыла iх. Дрымота агарнула iх усiх трох. Усе яны нейк адразу тут жа ляглi на падлогу i сцiшылiся. Яны спалi. Але ў неспакоi. Колькi яны паспалi, хвiлiн можа дзесяць, не больш, а раз-поразу то той, то другi ўсхватваўся, паднiмаў галаву, акiдаў цяжкiмi вачыма хату i зноў кiдаўся на падлогу i спаў.



19 из 66