Можа ён быў стары, а можа зусiм малады. Ён баяўся холаду, ён грэўся. Шыя яго была абкручана ручнiком. Расейскi салдацкi кажух да кален быў на iм. На нагах салдацкiя чаравiкi без абмотак. Сялянскiя нагавiцы з рудога саматканага сукна, на яго вельмi вузкiя i, дзiўна, нават кароткiя. Бо сам ён быў даволi-такi малога росту, i паводле якога мог здавацца таўстуном. Твар быў круглы i зноў-такi няголены, шчацiнаваты i кiрпаты. Вочы застылыя, i нейкiм дзiўным парадкам у iх нiчога не адлюстроўвалася. Але ўвага i насцярожанасць вельмi востра былi напiсаны на яго твары. Цяжка было зразумець, цi гэта на быка, цi на чалавека ён нарыхтаваўся кiнуцца. Ён здаваўся здаровым i дужым, толькi празмеру змораным. Барада яго хавалася ў ручнiк, вушы закрывалiся бiнтам, шырокiм i ў лапiнах сухой крывi. Бiнт абкручваў лоб, скiвiцы з вушамi, хаваў пад сабою бровы i сядзеў гузамi на патылiцы. Вусы стрыжаныя, пакiненыя двума пукамi пад носам, былi ўжо нейкiм чорным гузам, з якога тырчэў дробны недакурак з папяросы; цi ён там умёрз, цi прылiп, але ён астаўся там i напэўна не заўважаўся тым, хто яго курыў.

Бык выцягнуў шыю i зарыкаў. Незалежна ад сваiх думак, гэтыя два зрабiлi рух, момантны i больш iнстынктыўны як абдуманы. Каб хто сачыў за iмi збоку, той падумаў бы, што гэта яны толькi i чакалi таго моманту, калi зарыкае бык, каб тады кiнуцца на яго i замест ратунку, аб якiм ён так рыкаў, зрабiць яму смерць. Тым часам бык як бы ў знямозе паставiў мысу ўнiз, мусiць да наступнага рыкання. Гэтыя два адразу як бы забылiся на жывёлiну, i вось пачала на iх твары лажыцца пячаць найпiльнейшай увагi аднаго да другога. Увага гэтая межавалася з заядлым узбуджаннем i нянавiсцю, хоць нiводзiн з iх нават i здагадвацца не мог, каго ён бачыць перад сабою. Пачуццё прыкрасцi i смутку адлюстроўвалася на iх тварах. Ужо на адзiн самы найкарацейшы момант яны не спускалi адзiн аднаго з вока. Кожны з iх, здаецца, нават дыхнуць баяўся. Бык некалькi разоў выцягваў шыю i рыкаў, а яны можа нават i не заўважалi гэтага.



5 из 66