
- Я табе кажу, што гэтая жывёлiна рыкае недзе тут.
- А па-мойму, дык у лесе, - адказаў так жа цiха i асцярожна другi нехта.
Хвiлiн колькi цяглося маўчанне. Чутно было, як чыркнула запалка. Мусiць яны закурылi. Значыцца, зусiм блiзка яны былi. З гэтымi двума адбылася змена. Iх увага ўжо накiравалася туды. Хоць яны яшчэ i не паспелi пазнаёмiцца адзiн з адным, але як быццам бы ўжо былi добра знаёмыя. Ужо яны станавiлiся падобныя да змоўшчыкаў, якiя разам, плячо з плячом, павiнны баранiцца ад нейкiх невядомцаў, што выявiлiся так блiзка тут. Так спаткалiся iх позiркi на адзiн момант у такiм сваiм пераломе i з'iначаннi, пасля чаго ўжо спакайней яны глядзелi адзiн на аднаго. Кожны з iх ужо бачыў у другiм свайго аднадумца, i рысы чалавечнасцi i сяброўства зганялi з iх твараў рысы звярынага страху. А як жа! У iх жа цяпер ёсць адна справа, i можа слаўнае i такое жаданае сяброўства запануе памiж iмi. Той, што ў кажуху, тоўсты i нiзкi, нават зрабiў паўкрока да таго, што мерзнуў у летнiм пiнжаку. Бык зноў зарыкаў, i зноў на высокай ноце, з адчаем i як бы з болем.
- А што? Тут! - пачуўся з кустоў радасны голас, ужо не такi стрыманы. I адразу яны ўдвух апынулiся тут.
