
Я пацягваў вiно i разважаў, што можа адбывацца ў душы ў нармальнага саракагадовага мужчыны, якi аднойчы выпiў бутэльку гарэлкi, забiў жонку i адседзеў за гэта пяць гадоў. Разважаннi заводзiлi мяне ў безнадзейны тупiк.
Сяргей паклiкаў афiцыянтку i замовiў яшчэ пляшку. Колькi кропляў вiна расплылiся па белым настольнiку, аднак нiякiх рызыкоўных асацыяцыяў у мяне не выклiкалi. Я падумаў, што, у адрозненне ад Сяргея, астатнiя знаёмыя мне рэстаранныя музыкi любiлi не вiно, а больш моцныя напоi. Можа, калi б ён у той вечар выпiў заместа гарэлкi вось такога трохгадовага кабернэ, паблiзу ад магiлаў маiх бацькоў i не з'явiлася б новага трафарэтнага помнiка з мармуровай крошкi. Пасля гэтае думкi я на ўсялякi выпадак даў сабе слова нiколi не пiць нелюбiмых напояў.
Ад такога ўзроўню абагульненняў мне зрабiлася смешна. Я паспрабаваў выклiкаць у памяцi Лiнiна аблiчча, але ўспамiналiся адно яе плоскiя белыя грудзi i занадта гучны голас, якi паведамiў мне, што ў ягонай гаспадынi нiколi не будзе дзяцей, а таму нiчога не трэба баяцца. У той душнай кватэры мы пiлi цёплае вiно, якое чамусьцi закусвалi мёдам, i цяпер мне здалося, што ўжо адно гэтае недарэчнае спалучэнне не пакiдала нам анiякiх шанцаў на працяг. У дадатак узгадалася яшчэ зялёная сукенка, у якой я неяк сустрэў Лiну з лысаватым, нiжэйшым за яе на цэлую галаву каханкам, якому наканавана было стаць у яе жыццi апошнiм.
На пустую тэрасу паднялiся з першага паверха дзве дзеўчынёшкi ў аднолькавых эфiрных блузачках i аднолькавых скураных намёках на спаднiчкi. Яны ўладкавалiся за суседнiм столiкам i без лiшнiх цырымонiяў папрасiлi закурыць. Сяргей даў iм па цыгарэцiне, а я налiў вiна. Дзеўчынёшкi пераглянулiся, i адна запыталася, цi мы выпадкова не крутыя. Я засмяяўся, Сяргею ж пытанне з нейкае прычыны вельмi не спадабалася, i ён гучным шэптам сказаў нашым суседкам пару такiх слоў, што праз хвiлю пра iх нагадвала толькi недапiтае вiно.
Пасля другой пляшкi Сяргей расцёр у попелцы недапалак i знячэўку загаварыў.
