Напэўна, выпiваць на зоне даводзiлася нячаста, i ён вiдавочна захмялеў. Ягоны кароткi маналог атрымаўся блытаным i досыць дзiўным. Ён пачаўся з кошкi, якую Лiна з парады каханка атруцiла мыш'яком, але ахвяра ўсё ж выжыла, праўда, страцiўшы пры гэтым зрок i слых. Потым я даведаўся пра тое, як у камеры Сяргея хацелi згвалцiць блатныя, а яшчэ пра тое, куды зэкi зашываюць металёвыя шарыкi, каб не расчароўваць сваiх абраннiц. На заканчэнне Сяргей паведамiў, што на зоне меў трох жанчын.

Я зацiкавiўся, як гэта адбываецца там, на зоне, але замiж роспытаў сказаў Сяргею, што ў рэстаране, дзе ён iграў, нядаўна адчынiлi вар'етэ, пясля чаго там ужо два разы стралялi. I зноў над сталом запала маўчанне, у якiм мне немаведама чаму ўспомнiлася школьнае каханне - кругленькая Дзiна, якая прыехала ў наш горад з Архангельска, якая ўмела соладка цалавацца ў пустым класе i якая напрыканцы майго першага ўнiверсiтэцкага верасня прызналася, што цяжарная ад нейкага Колi.

Трэцюю пляшку мы пiлi ўжо з афiцыянткай Ленай, якую Сяргей угаворваў, але так i не ўгаварыў сесцi яму на каленi. Трамваi ўнiзе звiнелi часцей i весялей. "Пiво" ў жоўтай бочцы скончылася, i ягоныя аматары, маючы на такi выпадак адмысловыя запасы, дружна пацягнулiся ў блiзкi лясок.

Насупроць кавярнi спынiўся аўтобус, адкуль палезлi грыбнiкi з поўнымi кошыкамi апенькаў. Мы ўзялi першую шакаладку i чацвёртую, а магчыма, i пятую, бо тут я не зусiм пэўны, пляшку кабернэ i дамовiлiся, што заўтра ўраннi ўсе разам - я, Сяргей i афiцыянтка Лена - таксама паедзем у грыбы. Я паабяцаў паказаць мясцiны, дзе навалам маладых i таўстаногiх, як баравiкi, абабкаў, а калi iх раптам не будзе, дык заўсёды можна нарэзаць чорных груздоў.

Тэраса пакрысе запаўнялася публiкай, i афiцыянтка Лена ўжо не магла бавiцца з намi. Сяргей абвясцiў, што сёння пойдзе да жанчыны, якая да мiнулага Новага года пiсала яму на зону лiсты i слала пасылкi. Пасля гэтых слоў ён выняў з кiшэнi i падкiнуў угору сцiзорык. Бяскрыўдны сцiзорык вярнуўся ў Сяргееву руку грознаю фiнкай. Сяргей склаў яе, паказаў мне кнопку i папрасiў павартаваць "цацку" да ранiцы.



3 из 6