Сяргей папрасiў спынiцца каля могiлак. Сонца пякло па-летняму, i на ўзбочыне мы скiнулi штармоўкi i швэдры, застаўшыся ў адных кашулях. Сярод крыжоў i помнiкаў сям-там мiльгалi падазроныя постацi. Хтосьцi, не тоячыся, збiраў бутэлькi, хтосьцi - зладзеявата - кветкi.

Хрызантэмы на мамiнай магiле былi яшчэ цэлыя.

Сяргей няўпэўнена азiраўся, i я адно тады ўцямiў, што ён не ведае, дзе пахавалi Лiну. Я, безумоўна, не ведаў бы таксама, каб яе магiла не была за пяць крокаў ад помнiкаў маiм бацькам. "Пайшлi", - сказаў я, i Сяргей зразумеў.

На Лiнiнай магiле акуратным крыжам зелянелi смолкi. Каля нядаўна пафарбаванай сiняй агароджы вырас вялiкi крамяны падасiнавiк. На фотакерамiчным медальёне Лiна выглядала значна цiкавейшаю, чым у жыццi. Сяргей пагладзiў адбiты рог помнiка i выцягнуў пляскатую пляшачку з нержавейкi.

На закуску ў мяне засталiся два яблыкi i лусцiк з сырам. "За што?" недарэчна запытаўся я. "Не будзем", - адказаў Сяргей i акрапiў з пляшачкi край магiльнага грудка.

У пляшачцы аказаўся спiрт.

Ехаць дахаты не хацелася, i з могiлак мы пайшлi цераз поле да Дзвiны. Сцежка плыла пад нагамi, i, не згаворваючыся, мы павярнулi да стажка саломы.

Сяргей узяўся перабiраць грыбы. Наверсе ў ягоным кошыку ляжаў магiльны падасiнавiк.

Я выцягнуўся на спiне i, адчуваючы, як мякка пагойдваецца пада мною зямля, стаў глядзець у высокае неба i думаць, што добра было б памерцi, каб на маёй магiлцы таксама вырас падасiнавiк i каб хтосьцi прыйшоў туды i выпiў спiрту, а потым ляжаў на цёплай саломе, слухаў, як па шашы з сухiм шоргатам праносяцца машыны i думаў, што добра было б памерцi...



5 из 6