
Афiцыянтка Лена, як i чакалася, на аўтастанцыю назаўтра не прыйшла, i мы паехалi ў грыбы ўдвух.
Дзень выпаў такi, як i ўчора, - з сонцам, павучынкамi i одумным кружляннем лiсцяў над утравелай лесавой дарогаю, што сустрэла нас некранутай расой. На iмшыстых купiнах у нiзавым рэдкаватым ялiннiку з дамешкам бярэзiнак цярплiва чакалi абабкi. Па вершалiнах, спрытна кiруючы пухнатымi хвастамi, шырокiмi кругамi доўга лётала над намi пара закаханых вавёрак. Адной ад глыбiнi пачуццяў захацелася паразмаўляць са мной, i яна спусцiлася зусiм нiзка.
Спярша мы з Сяргеем часта перагуквалiся, але ягоны голас усё аддаляўся i нарэшце зацiх. Я трохi пакрычаў i супакоiўся, бо мы ўсё адно павiнны былi сустрэцца на недалёкай шашы, якая час ад часу нагадвала пра сябе гулам машын.
На краi балацявiны я нарваўся на цэлую чараду маладых падасiнавiкаў, i калi, нацешыўшыся гэтым грыбным краявiдам, узяўся зразаць першы, спiнаю адчуў нечы позiрк. Цiшыня ўмомант напялася, i трэск сухой галiнкi прагучаў, быццам стрэл. Я, прыгнуўшыся, адскочыў убок i, сцiскаючы ў руцэ свой кухонны нож, павярнуўся тварам да небяспекi.
За пяць крокаў ад мяне з фiнкаю ў адведзенай руцэ стаяў Сяргей. Мяне апякла думка, што ён ведае пра нашае з Лiнай адзiнае спатканне. Мой труп ён утопiць у балоце, i яго нiколi не знойдуць. Я вырашыў, што без бою не здамся, i пачаў шаптаць малiтву. Бясконцую хвiлiну мы стаялi насупроць адзiн аднаго, а тады ён засмяяўся i, спружынiста крутануўшыся, кiнуў фiнку ў стаўбур старой ялiны. Фiнка ўпiлася ў дрэва на ўзроўнi чалавечага росту i азвалася тонкiм вусцiшным звонам.
Збiраць грыбы пасля такой прыгоды мне не хацелася, i праз чвэрць гадзiны мы ўжо галасавалi на шашы. Гэта была шаша на Рыгу, якою мы з Дзiнай, пакуль яна не зацяжарала ад Колi, дамаўлялiся ў першае студэнцкае лета дайсцi да мора. Машыны з латвiйскiмi нумарамi праляталi на крэйсерскай хуткасцi. Беларускiя грузавiкi i легкавушкi iшлi цiшэй, аднак не спынялiся. Нейкiя "Жыгулi" пачалi былi гамаваць, ды, наблiзiўшыся да нас, кiроўца нечакана рвануў наперад. Я ўважлiва паглядзеў на стрыжаную Сяргееву галаву i даў яму сваю кепурку. Гэты нескладаны манеўр змянiў сiтуацыю, i неўзабаве мы трэслiся ў кабiне спадарожнага "ЗiЛа".
