
Два месяцы я быў сама мiлы сярод усiх жанiхоў на свеце. Яна наладзiла ў сваiм пакоi нешта накшталт раскошнай каплiчкi i берагла ў ёй гэтую костачку, праз якую, верыла яна, я здзейснiў сваё дзiўнае любоўнае злачынства. Ранiцай i перад сном яна кленчыла перад ёю.
Я папрасiў яе берагчы тайну, бо баяўся, гаварыў я, што мяне арыштуюць, пакараюць, аддадуць у Нямеччыну. Яна стрымала слова.
I от, на пачатку лета, ёй заманулася ўбачыць месца майго подзвiгу. Яна так настойлiва малiла свайго бацьку (тоячы патаемную мэту), што ён звазiў яе ў Кёльн i нi слова мне пра гэтую вандроўку не сказаў, бо так прасiла дачка.
Не трэба казаць, што царкву ўсярэдзiне я не бачыў. Я не ведаю, дзе пахаванне (цi ёсць яно ўвогуле?) адзiнаццацi тысяч нявiннiц. Падобна на тое, што да яго не падступiцца. Што ж!
Праз тыдзень я атрымаў цыдулку на дзесяць радкоў, якая вяртала маё слова, крыху пасля - тлумачальны лiст ад бацькi з запозненымi спачуваннямi.
Убачыўшы раку, яна адразу зразумела мой падман i штукарства, а таксама маю сапраўдную бязвiннасць. Калi яна спыталася ў вартаўнiка, цi не ўчынiў тут хто якога крадзяжу, ён засмяяўся i ўтлумачыў, што гэта немагчыма.
I з таго часу, калi мая мiлая, светлавалосая нявеста даведалася, што я не кратаў святынi i не корпаўся паганай рукой у пашаноўных рэштках, я стаў няварты яе кахання.
Мне забаранiлi бываць у яе дома. Дарэмна я прасiў i малiў, нiшто не кранула сэрца прыгожай багамольнiцы.
Я захварэў ад тугi.
I вось на тым тыднi ваша сваячка панi д'Арвiль запрасiла мяне ў госцi.
Вось што трэба зрабiць, каб мне даравалi. Я мушу прывезцi сапраўдныя, аўтэнтычныя мошчы нявiннiцы альбо якога-небудзь пакутнiка, завераныя пячаткаю Папы.
Я вар'яцею ў адчаi i журбе.
Калi трэба, я паеду ў Рым. Але я не магу раптам заявiцца да Папы i расказаць сваю бязглуздую гiсторыю. Дый мне нешта не верыцца, каб там розным прыватным асобам раздавалi сапраўдныя мошчы.
