Пасля пайшоў да любай нявесты. Убачыўшы мяне, яна кiнулася насустрач, насцярожаная i радасная: "Што вы мне прывезлi?"

Я зрабiў выгляд, што забыўся, яна не паверыла. Яна прасiла, нават малiла мяне, i, адчуўшы, што яна вось-вось заплача ад цiкаўнасцi, я падарыў ёй святы медальён. Ёй аж духi заняло ад радасцi. "Рэлiквiя! Сапраўдная рэлiквiя!" - i яна моцна пацалавала скрыначку. Мне стала няёмка за сваё махлярства.

Але раптам яна занепакоiлася, нават злякнулася i глыбока паглядзела мне ў вочы:

- Вы верыце, што яна не падробная?

- Веру.

- А чаму?

Я збянтэжыўся. Прызнанне, што гэты аскепак куплены ў вандроўнага гандляра, загубiла б мяне. Што гаварыць? Шалёная думка мiльганула ў галаве; цiхiм таямнiчым голасам я пачаў:- Я ўкраў яе дзеля вас.

Дзяўчына акiнула мяне зачараваным i замiлаваным позiркам. "Як? Вы ўкралi? А дзе?" - "У катэдры. Я абакраў раку адзiнаццацi тысяч нявiннiц".

Сэрца ў яе задрыжала, яна ледзь не страцiла прытомнасць ад радасцi i шапнула:

- О! Вы зрабiлi гэта... дзеля мяне. Раскажыце... раскажыце мне ўсё.

Што было рабiць, я сам сябе загнаў у пастку. Тады я прыдумаў неверагодную цiкавую гiсторыю. Я даў вартаўнiку сто франкаў, каб аднаму аглядзець царкву, раку рамантавалi, але я трапiў якраз у пярэрву, таму рабочых i прычта не было, я прыпадняў века, якое пасля гэтак жа акуратна зачынiў, i выхапiў маленькую (о! маленькую-маленькую) костачку з гары мошчаў (тут я назваў нейкую лiчбу, уявiўшы, колькi атрымаецца касцей ад шкiлетаў адзiнаццацi тысяч нявiннiц). Пасля схадзiў да злотнiка i купiў аправу, вартую такой рэлiквii.

Я не пасаромеўся сказаць, што медальен каштаваў мне пяцьсот франкаў.

Але на гэта яна i ўвагi не звярнула, яна трапятлiва, у экстазе слухала мяне. Яна прашаптала: "Я вас кахаю" - i ўпала мне на рукi.

Заўваж: дзеля яе я пайшоў на блюзнерства. Я ўкраў, учынiў гвалт над царквою, парушыў раку, збэсцiў i ўкраў святыя мошчы. За гэта яна кахала мяне, лiчыла ласкавым, дасканалым, боскiм. У гэтым - жанчына, дарагi абат, сутнасць жанчыны.



3 из 5