Лёе паўтараў:

- Хутчэй прызнавайся, прызнавайся. Скажы праўду. Ты ж разумееш, што мне, мне гэта не можа быць непрыемна.

Яна ледзь дыхаючы прамармытала: "Ага".

Муж настойваў:

- Што, што, ага. Прашу цябе, кажы.

Яна трохi сцiшыла смех, пацягнулася вуснамi да вуха Лёе, якi падрыхтаваўся да прыемнага прызнання, i шапнула:

- Праўда... я здрадзiла яму.

Ён адчуў, як ледзяныя дрыжыкi пранялi яго да касцей, i збянтэжана заенчыў:

- Ты... ты... яму... здрадзiла... да канца?

Яна яшчэ думала, што мужу было вельмi прыемна, i адказала:

- Ага... да канца... дарэшты.

Ён мусiў сесцi ў ложку, так ён здзiвiўся, так яму раптам заняло дых, так яго скаланула, нiбы толькi-толькi даведаўся, што рагаты ён сам.

Спачатку ён нiчога не сказаў, пасля, праз некалькi хвiлiн, адно выцiснуў: "Ах!"

Яна перастала смяяцца, занадта позна зразумеўшы памылку.

Лёе ўрэшце спытаўся:

- З кiм?

I яна адказала:

- З хлопцам.

Ён раптам павярнуўся да яе i суха сказаў:

- Я разумею, што не з кухаркай. Я пытаюся, з якiм хлопцам, ты чуеш?

Яна маўчала. Ён схапiў коўдру, у якой яна была схавала галаву, i адкiнуў на сярэдзiну ложка, паўтарыўшы:

- Я хачу ведаць, з якiм хлопцам.

Тады яна тужлiва вымавiла:

- Я хацела пасмяяцца.

Але яго трэсла ад гневу:

- Што? Як? Хацела пасмяяцца? Дык, значыць, ты насмiхалася з мяне? Але з мяне кпiны не строяць, чуеш? Як завуць хлопца?

Яна нерухома ляжала на спiне i маўчала.

Ён узяў яе за руку i моцна сцiснуў:

- Ты мяне чуеш цi не? Я патрабую, каб ты адказвала, калi я з табой размаўляю.

Тады яна нервова вымавiла:

- Мне здаецца, што ты звар'яцеў, не чапай мяне!

Ён калацiўся ад лютасцi i з роспачы не ведаў, што казаць. Ён штомоцы затрос яе i паўтарыў:

- Ты чуеш? Ты чуеш мяне?

Яна нечакана рванулася, каб вызвалiцца, i кончыкамi пальцаў зачапiла мужаў нос. Той палiчыў, што яму стукнулi, раз'юшыўся i ўмiг абрынуўся на жонку.



4 из 5