- Потым? - груба сказаў я. - Потым стапоршчышся, братка.

Ён пачаў гутарыць сам з сабой, ён не зводзiў вачэй з бельгiйца. Той, здаецца, яго не слухаў. Я ведаў, нашто ён прыйшоў сюды; тое, што мы думаем, яго не цiкавiла, ён прыйшоў паглядзець на нашыя целы - на целы, якiя б'юцца ў агонii яшчэ пры жыццi.

- Гэта як у кашмарным сне, - казаў Том. - Хочаш сабе ўявiць, i ўвесь час такое ўражанне, што вось - зараз уразумееш, а яно потым - раз! - i выслiзгвае, унiкае з-пад самага носа, i зноў - нiчога. Я кажу сабе: потым ужо нiчога не будзе. Але не разумею, што гэта значыць. Часам я падыходжу, здаецца, ужо зусiм блiзка... а яно зноў унiкае, i я пачынаю думаць пра стрэлы, пра кулi, пра боль. Я матэрыялiст, клянуся табе; я яшчэ не вар'яцею. Але нешта тут не так. Я бачу свой труп: гэта зусiм не цяжка, але ж гэта я яго бачу, маiмi вачыма. I ўсё-такi мне трэба нарэшце прымусiць сябе ўявiць... уявiць, што пасля нiчога не будзе, я нiчога не ўбачу i нiчога не буду чуць, а свет застанецца - для iншых. Мы не створаны, каб падумаць такое, Пабла. Можаш мне паверыць: мне ўжо выпадала не спаць цэлую ноч, чакаючы нечага невядомага. Але гэта - гэта нi на што не падобна: яно заўжды падкрадаецца ззаду, Пабла, i мы няздольныя да гэтага падрыхтавацца.

- Заткнiся, - сказаў я яму, - можа, паклiкаць табе духоўнiка?

Ён не адказаў. Я ўжо заўважыў, што яго ўвесь час цягне састроiць з сябе прарока i вымаўляць маё iмя - Пабла! - нейкiм знямелым голасам. Мне гэта не надта падабалася; але, здаецца, усе iрландцы такiя. Я цьмяна адчуваў, што ад яго пахне мачой. Шчыра кажучы, у мяне нiколi не было да Тома вялiкай сiмпатыi, i я не бачыў, чаму толькi праз тое, што мы памiрацьмем разам, я павiнен яе адчуваць больш. Ёсць хлопцы, з якiмi ўсё, мусiць, было б iначай. З Рэйманам Грысам, напрыклад. Але побач з Хуанам i Томам я адчуваў сябе даволi самотна. Зрэшты, па-мойму, гэта было i лепш: з Рэйманам я, можа, яшчэ расчулiўся б. А тут я быў непахiсна цвёрды i хацеў заставацца такiм да канца.



10 из 22