Потым, амаль шэптам, загаварыў Том. Ён павiнен быў гаварыць, бо iначай не мог разабрацца ў сваiх думках. Па-мойму, ён гаварыў са мной, хоць на мяне не глядзеў. Яму было страшна ўбачыць мяне такога - шэрага, аблiтага потам: мы абодва былi падобныя, i зiрнуць адзiн на аднаго нам было горш, чым паглядзецца ў люстра. Ён пазiраў на бельгiйца - на таго, хто жыў.

- Ты разумееш, - казаў ён, - га? Я гэтага не разумею.

Я таксама загаварыў цiхiм голасам. Я глядзеў на бельгiйца.

- Што? Пра што ты гаворыш?

- Заўтра з намi адбудзецца такое, чаго я няздольны ўразумець.

Ад Тома iшоў нейкi дзiўны пах. Мне здалося, што я зрабiўся болей чуйны да пахаў, чым гэта было раней. Я крыва ўсмiхнуўся:

- Хутка ўразумееш.

- Не, гэта незразумела, - упарта прамовiў ён. - Вядома, я не збiраюся распускаць нюнi, але ж трэба, прынамсi, ведаць... Слухай, значыць, нас вывядуць на двор. Перад намi выстраяцца некалькi тыпаў. Колькi iх будзе?

- Не ведаю. Можа, пяць цi восем. Не болей.

- Ну, добра. Няхай будзе восем. Iм крыкнуць: "На плячо!" - i я ўбачу, як на мяне ўтаропяцца восем стрэльбаў. Мне, напэўна, захочацца ўвайсцi ў мур, я ўсiм цяжарам навалюся на яго спiнай, а ён не падасца, як у кашмарным сне. Я ўсё гэта выдатна ўяўляю. О, каб ты ведаў, як я гэта выдатна ўяўляю.

- Супакойся! - сказаў я. - Я гэта таксама ўяўляю.

- Напэўна, гэта жудасны боль. Ведаеш, яны цэляцца ў рот i ў вочы, каб болей знявечыць, - са злосцю сказаў ён. - Я ўжо адчуваю раны, ужо цэлую гадзiну мне ўсё балiць: галава, шыя. Гэта яшчэ не той, не сапраўдны боль, гэта горай: гэта боль, якi я адчую заўтра. Але што будзе потым?

Я выдатна разумеў, што ён мае на ўвазе, але не хацеў паказваць выгляду. I боль я таксама адчуваў - ва ўсiм целе, нiбыта пасечаным безлiччу маленькiх ранак. Да гэтага немагчыма было прызвычаiцца, але тут мы з Томам былi падобныя, болю я не надаваў значэння.



9 из 22