Часам я яго яшчэ адчуваў - я адчуваў, як у iм нешта слiзгоча i нiбы абрынаецца, як гэта бывае ў самалёце, што зайшоў у пiке, цi, iншы раз, пачынаў чуць, як тахкае маё сэрца. Але гэта нiчога не мяняла: вонкi з майго цела выходзiў толькi падазроны агiдны дух. Найчасцей жа яно маўчала, нiбы замiрала, i я нiчога не адчуваў, апроч няяснага цяжару, быццам на мне было нешта брыдкае, i ў мяне ўзнiкала ўражанне, што я прывязаны да вялiкага, гiганцкага рабака. У пэўны момант я памацаў нагавiцы i адчуў, што яны наскрозь мокрыя; я не ведаў, ад чаго - ад поту цi ад мачы, але на ўсякi выпадак пайшоў памачыцца на кучу вугалю. Бельгiец выняў гадзiннiк, зiрнуў на яго i сказаў:

- Палова на чацвёртую.

Падла! Ён зрабiў гэта, напэўна, знарок. Том падскочыў; мы нават не заўважалi, што час - цячэ; ноч агортвала нас сваёй бясформеннай, змрочнаю масай, а я i не памятаў, што яна пачалася.

Малы Хуан раптам пачаў крычаць. Ён выкручваў рукi, малiў:

- Я не хачу памiраць, я не хачу памiраць!

Ён пачаў кiдацца па склепе, ускiдваючы рукi ў паветра, потым упаў на матрац i зарыдаў. Том глядзеў на яго згаслымi вачыма i цяпер ужо зусiм не хацеў супакойваць. Дый гэта наўрад цi было патрэбна: малы больш за нас рабiў шуму, але пакутаваў меней - ён быў як хворы, якому гарачка дапамагае змагацца з немаччу. Калi ж няма нават гарачкi - гэта намнога горай.

Ён плакаў, i я бачыў, што яму проста шкада сябе; пра смерць ён не думаў. На адно iмгненне, усяго на адно iмгненне мне захацелася таксама заплакаць i пашкадаваць самога сябе. Але здарылася якраз наадварот: я зiрнуў на малога, убачыў яго худыя плечы, што пацепвалiся ў плачы, i адчуў, што нiчога чалавечага ўва мне больш няма, - я быў няздольны шкадаваць нi другiх, нi сябе. Я сказаў сабе: "Я хачу памерцi дастойна".

Том устаў, падышоў пад самую адтулiну ў столi i пачаў пiльнаваць дзень. У галаве ў мяне ўпарта круцiлася адна думка, я хацеў памерцi дастойна i думаў толькi пра гэта. Але пасля таго як доктар сказаў, каторая цяпер гадзiна, я мiмаволi пачаў адчуваць час: ён цёк, сачыўся кропля за кропляй.



16 из 22