Праз гадзiну па мяне нарэшце прыйшлi i завялi ў маленькi пакой на другiм паверсе, дзе пахла цыгарамi i было, як мне адразу здалося, аж задушлiва горача. У фатэлях з нейкiмi паперамi на каленях сядзелi два афiцэры i палiлi цыгары.

- Цябе зваць Iб'ета?

- Так.

- Дзе Рэйман Грыс?

- Не ведаю.

Той, што мяне дапытваў, быў маленькi i тоўсты. Яго жорсткiя вочы хавалiся за ларнетам. Ён сказаў:

- Падыдзi.

Я падышоў. Ён устаў, узяў мяне за руку вышэй ад локця i зiрнуў так, нiбыта хацеў увагнаць у зямлю. Адначасова ён з усяе сiлы сцiснуў мне бiцэпс. У гэтым не было намеру зрабiць мне балюча - гэта была проста такая гульня: ён хацеў панаваць нада мною. Вiдаць, ён лiчыў, што дзеля гэтага трэба яшчэ i дыхаць сваiм прагнiлым подыхам мне ў твар. Пэўны час мы стаялi ў такiх паставах; мяне гэта хутчэй смяшыла. Падобных прыёмаў было яўна мала, каб збянтэжыць чалавека, якому наканавана памерцi: яны мяне не краналi. Нарэшце ён груба адштурхнуў мяне i сеў.

- Тваё жыццё цi яго, - сказаў ён. - Выбiрай. Калi прызнаешся, дзе ён, табе падораць жыццё.

Два гэтыя афiцэрыкi, з iх рыпучымi i блiскучымi ботамi, элегантнымi, тонкiмi нагайкамi, - гэта былi ўсяго толькi звычайныя людзi, якiм таксама было наканавана памерцi. Няхай трошкi пазней за мяне, але ненамнога. I яны займалiся тым, што шукалi нейкiя iмёны ў паперах, ганялiся за людзьмi, каб засадзiць iх у турму цi знiшчыць; у iх былi свае думкi пра будучыню Гiшпанii i пра рознае iншае глупства. Уся гэтая валтузня здавалася мне бязглуздай i нават блазенскай: я быў ужо няздольны паставiць сябе на iх месца, мне здавалася, што яны звар'яцелi.



18 из 22