Маленькi таўстун па-ранейшаму глядзеў на мяне, пастукваючы нагайкай па ботах. Усе яго рухi былi разлiчаныя на тое, каб надаць яму выгляд увiшнага i лютага звера.

- Ну што? Ты ўразумеў?

- Мне невядома, дзе Грыс, - адказаў я. - Я думаў, што ён у Мадрыдзе.

Другi афiцэр стомлена падняў бледную руку. Гэтая стомленасць таксама мела разлiк. Я заўважаў усе iх маленькiя хiтрыкi, i мяне вельмi здзiўляла, што ёсць, аказваецца, людзi, якiм здаюцца цiкавымi такiя забавы.

- Каб падумаць, у вас чвэртка гадзiны, - паволi прамовiў ён. - Завядзiце яго ў кашталянцкi пакой. Праз пятнаццаць хвiлiн ён павiнен быць тут. Калi зноў будзе ўпарцiцца, расстраляем на месцы.

Яны добра ведалi сваю справу i разумелi, што робяць: я чакаў ужо цэлую ноч; пасля гэтага яны пакiнулi мяне ў склепе яшчэ на гадзiну, каб я пачакаў, пакуль расстраляюць Тома з Хуанам, i вось цяпер - зачынялi аднаго ў кашталянцкiм пакоi; вiдаць, яны прыдумалi гэты выбрык яшчэ напярэдаднi. Яны казалi сабе, што нервы не вечныя, i спадзявалiся такiм чынам мяне раскалоць.

Але яны памылялiся. У кашталянцкiм пакоi я ад вялiкае стомы адразу асеў на зэдаль i пачаў разважаць. Але я думаў не пра iх прапанову. Я, натуральна, ведаў, дзе Грыс: ён хаваўся ў стрыечнага брата, за чатыры кiламетры ад горада. Я ведаў i тое, што нiколi не выдам гэтае схованкi, вядома, калi яны не пачнуць мяне катаваць (але, здаецца, яны пра гэта не думалi). Падобныя пытаннi былi для мяне вырашаны, вызначаны i абсалютна мяне не цiкавiлi. Адзiнае, што мне хацелася ведаць цяпер - чаму я паводжу сябе менавiта так. Я лiчыў, што лепей памерцi самому, як выдаць Грыса. Чаму? Рэймана Грыса я больш не любiў. Мае сяброўскiя пачуццi да яго памерлi яшчэ да ўсходу сонца, адначасова з каханнем да Кончы i адначасова з жаданнем жыць. Вядома, я па-ранейшаму яго паважаў: гэта быў нязломны змагар. Але мая згода памерцi замест яго тлумачылася зусiм не гэтай прычынай; яго жыццё каштавала не больш за маё; нiякае жыццё наогул нiчога не каштавала.



19 из 22