Любога чалавека ставiлi каля мура i стралялi, пакуль ён не здохне: быў бы то я, цi Грыс, цi хто iншы - з усiмi было аднолькава. Я выдатна разумеў, што ён болей карысны справе Гiшпанii, але мне было насраць на Гiшпанiю i на анархiю: нiшто больш не мела значэння. I ўсё ж я сядзеў тут: я мог уратаваць сваю шкуру, каб выдаў Грыса, - i я адмаўляўся ад гэтага. Я лiчыў, што гэта хутчэй камiчна: гэта была звычайная ўпартасць. Я падумаў: "I трэба ж быць такiм зацятым аслом!" Мяне апанавала дзiўная весялосць.

Нарэшце па мяне прыйшлi i зноў завялi да двух афiцэраў. З-пад ног у нас шмыгнуў пацук, i гэта мяне рассмяшыла. Я павярнуўся да аднаго фалангiста i сказаў яму:

- Вы бачылi пацука?

Той не адказаў. Ён быў змрочны i лiчыў сябе, вiдаць, вельмi сур'ёзным. Мяне ж разбiраў смех, але я стрымлiваўся, бо баяўся, што калi пачну, то не здолею ўжо спынiцца. У фалангiста былi вусы, i я зноў сказаў:

- Пагалiся, разумнiк.

Мне здавалася дзiўным, што чалавек яшчэ пры жыццi дазваляе, каб на твары ў яго расла шчэць. Без вялiкай упэўненасцi ён ударыў мяне нагой, i я змоўк.

- Ну што, - сказаў тоўсты афiцэр, - ты падумаў?

Я паглядзеў на iх з вялiкай цiкаўнасцю, нiбы гэта былi насякомыя нейкага вельмi рэдкага вiду.

- Я ведаю, дзе ён, - сказаў я. -Ён схаваўся на могiлках. У якiм магiльным склепе цi, можа, у хаце ў далакопаў.

Я сказаў гэта, каб трошкi з iмi пажартаваць. Я хацеў пабачыць, як яны ўсхопяцца, зашпiляць свае блiскучыя дзягi i пачнуць з заклапочаным выглядам аддаваць загады.

Усе адразу ўскочылi.

- Так, выязджаем. Молес, iдзiце да лейтэнанта Лопеза i папрасiце ў яго пятнаццаць людзей. А ты, - таўстун павярнуўся да мяне, - калi ты сказаў праўду, то я двойчы сваё слова не паўтараю. Але калi ты надумаў з нас пасмяяцца, ты дорага сплацiш за гэта.

Яны з шумам вылецелi прэч, а я застаўся спакойна чакаць пад наглядам некалькiх фалангiстаў. Час ад часу я ўсмiхаўся: я ўяўляў, якiя ў iх будуць пысы. Я зусiм ачмурэў, але адчуваў сябе хiтрым. Я ўяўляў, як яны падымаюць магiльныя камянi, адчыняюць дзверы ў кожным склепе. Я глядзеў на ўсю гэтую сiтуацыю нiбыта збоку, вачыма iншага чалавека: я бачыў упартага вязня, якi строiць з сябе героя, гэтых важных, сур'ёзных фалангiстаў з iх вусiкамi i людзей ва ўнiформе, якiя носяцца, як мурашы, мiж магiламi, - гэта была проста пацеха!



20 из 22