Я злаваўся на Тома: ён не павiнен быў пачынаць гэтай гаворкi.

- А па ўзбочыне тым часам прагульваюцца афiцэры, - не сунiмаўся ён, - якiя глядзяць на ўсё, сунуўшы рукi ў кiшэнi i пыхкаючы цыгаркай. I што ты думаеш, яны дабiваюць гэтых небаракаў? Чорта лысага! Яны пакiдаюць iх енчыць. Часам цэлую гадзiну. Мараканец казаў, што першы раз ледзь не званiтаваў.

- Не думаю, каб яны рабiлi тут тое самае, - сказаў я. - Хiба што ў iх сапраўды не стае прыпасаў.

Дзённае святло сачылася праз чатыры маленькiя акенцы i круглую адтулiну ў левым куце столi. Раней яна накрывалася люкам i прызначалася, каб згружаць у сутарэнне вугаль. Пад ёй i цяпер ляжала вялiкая куча вугальнага друзу, якiм апальвалiся памяшканнi ў шпiталi; але з пачаткам вайны хворых эвакуiравалi, i вугаль застаўся без ужытку; часам на яго лiў дождж, бо люк за паспехам на месца не паклалi, i цяпер на нас у дзiрку глядзела неба.

Тома пачала прабiраць дрыготка.

- Трасца iх матары, мяне ўжо ўсяго калоцiць, - сказаў ён, - зноў пачынаецца.

Ён устаў i пачаў рабiць гiмнастыку. Пры кожным руху кашуля на iм расхiналася i агаляла белыя i валасатыя грудзi. Ён выпрастаўся на спiне i, задраўшы дагары ногi, пачаў рабiць "нажнiцы": я бачыў, як дрыжаць яго тоўстыя клубы. Том быў хлопец каржакаваты, але тлушчу ў яго было ўсё-ткi шмат. Я ўявiў, як неўзабаве гэтую мяккую плоць, нiбы масла, прашыюць штых або куля. Напэўна, каб ён быў худы, гэта не зрабiла б на мяне такога ўражання.

Мне было не тое каб холадна, але я не адчуваў ужо нi плечаў, нi рук. Часам у мяне раптам узнiкала пачуццё, быццам нечага не хапае, i я пачынаў шукаць куртку, але потым прыгадваў, што яны мне яе не вярнулi. Гэта было даволi прыкра. Яны забралi ў нас адзенне, каб аддаць яго сваiм салдатам, а нас пакiнулi ў адных кашулях ды выдалi кожнаму тыя палатняныя нагавiцы, у якiх хворыя ў шпiталi ходзяць толькi ў самы разгар лета. Нарэшце Том устаў i, цяжка дыхаючы, сеў побач са мной.

- Сагрэўся?



3 из 22