- Ды не, трасца iх матары. Стамiўся толькi.

Каля восьмай гадзiны вечара ў камеру ўвайшлi маёр i два фалангiсты. У руцэ маёр трымаў аркуш паперы. Ён спытаў у наглядчыка:

- Як завуць гэтых трох?

- Стайнбак, Iб'ета i Мiрбал, - сказаў наглядчык.

Маёр надзеў акуляры i зiрнуў у свой спiс:

- Стайнбак... Стайнбак... Ага, вось. Вы асуджаны на смерць. Заўтра ранiцай вас расстраляюць.

Ён зноў зiрнуў на паперу.

- I вас двух таксама, - сказаў ён.

- Гэтага не можа быць, - сказаў Хуан. - Мяне не могуць...

Маёр зiрнуў на яго здзiўлена.

- Вас як завуць?

- Хуан Мiрбал, - сказаў той.

- Усё правiльна, вось - тут вашае прозвiшча, - сказаў маёр, - вы асуджаны на смерць.

- Я нiчога не зрабiў, - сказаў Хуан.

Маёр пацiснуў плячыма i павярнуўся да нас з Томам.

- Вы баскi?

- Сярод нас няма баскаў.

Выгляд у яго быў расчараваны.

- А мне казалi, што ёсць трое баскаў... Урэшце, што я - павiнен ганяцца за iмi! Дык вам, натуральна, свяшчэннiк не спатрэбiцца?

Мы нават не адказалi. Ён сказаў:

- Хутка да вас прыйдзе адзiн бельгiйскi лекар. У яго ёсць дазвол правесцi гэтую ноч з вамi.

Падняўшы руку да скронi, ён развiтаўся i выйшаў.

- Ну, што я табе казаў, - прамовiў Том. - Вясёлыя справункi.

- Ужо ж, - сказаў я, - але тое, што яны так з малым, - гэта свiнства.

Я сказаў гэта, каб быць справядлiвым, хоць малога i не любiў. У яго быў занадта далiкатны, амаль дзявочы твар, якi цяпер ад пакуты i жаху скрывiўся так, што ўсе рысы яго перакроiлiся да непазнавальнага. Тры днi назад гэта была прыгожая, саладжавая лялька, некаторым гэта падабаецца, але цяпер ён нагадваў хутчэй старую раскудзеленую анучу, i я падумаў, што ён нiколi ўжо не будзе зноў малады, нават калi яго i адпусцяць. Можа, яго сапраўды няблага было б пашкадаваць, але шкадаванне ў мяне заўжды выклiкала агiду, i глядзець на яго мне было, праўду кажучы, брыдка.



4 из 22