
Ён не падыходзiў, але я адчуў, што ён глядзiць на мяне. Я падняў галаву i зiрнуў яму ў твар. Тады ён сказаў нейкiм невыразным голасам:
- Вам не здаецца, што тут можна азглець?
Вiдаць, яму было холадна: ён быў увесь шызы.
- Мне не холадна, - адказаў я.
Ён па-ранейшаму глядзеў на мяне жорсткiмi вачыма. I раптам я зразумеў - я падняў рукi да твару i адчуў, што ён у мяне ўвесь мокры. Седзячы ў гэтым склепе, у разгар зiмы, на самым скразняку, я сплываў потам. Я правёў пальцамi па валасах: яны склеiлiся ад лiпкай вiльгацi; тады я заўважыў, што кашуля на мне таксама прамокла i прыстала да цела: з мяне цякло ўжо, прынамсi, гадзiну, а я нiчога не адчуваў. Але ад гэтага бельгiйскага парсюка нiчога не ўнiкла, гэты паскуднiк заўважыў, што па шчоках у мяне паўзуць потныя кроплi, i, вiдаць, падумаў: гэта праява крайняй паталагiчнай прыгнечанасцi; вядома, ён адчуваў сябе нармальна, ён мог ганарыцца гэтым - яму было холадна. Я хацеў устаць i набiць яму пысу, але ледзь прыўзняўся, як сорам i злосць адразу знiклi, i я зноў абыякава апусцiўся на лаву.
