
- Чаму вы прыйшлi менавiта да нас? Здаецца, тут хапае народу, увесь шпiталь напакаваны бiтком.
- Мяне сюды прыслалi, - сказаў ён нейкiм няўпэўненым голасам i адразу дадаў: - О, можа, вам хочацца запалiць? У мяне ёсць цыгарэты i нават цыгары.
Ён працягнуў нам пачак ангельскiх цыгарэт i некалькi гаванскiх цыгар, але мы адмовiлiся. Я зiрнуў яму ў вочы, i гэта яго, здаецца, збянтэжыла. Я сказаў:
- Вы прыйшлi сюды не дзеля спагады. Дарэчы, я вас ведаю. У той дзень, як мяне арыштавалi, я бачыў вас з фашыстамi - вы стаялi на дварэ каля кашараў.
Я хацеў быў сказаць нешта яшчэ, але раптам са мной штосьцi здарылася, я нават здзiвiўся: прысутнасць гэтага лекара неяк адразу зусiм перастала мяне цiкавiць. Звычайна, калi я лаўлю на чымсьцi чалавека, я проста так яго ўжо не адпускаю. А тут - ахвота гаварыць мяне абсалютна пакiнула; я адно пацiснуў плячыма i адвярнуўся. Праз нейкi час я зноў павярнуў галаву: лекар зацiкаўлена глядзеў на мяне. Наглядчыкi паселi на матрацы. Пэдра, доўгi i худы, сядзеў, склаўшы рукi, i круцiў вялiкiмi пальцамi, другi, каб прагнаць сон, час ад часу матляў галавой.
- Можа, прынесцi святло? - раптам спытаў Пэдра ў доктара.
Той кiўнуў: розумам ён, вiдаць, вызначаўся не болей чым бот, хоць, напэўна, быў i не злы. Мяркуючы па яго халодных блакiтных вачах галоўнай яго заганай быў недахоп уяўлення. Пэдра выйшаў i вярнуўся з газнiцай, якую паставiў на краю лавы. Свяцiла яна кепска, але гэта было лепш, чым нiчога: мiнулую ноч мы праседзелi ў поўнай цемры. Я доўга глядзеў на светлае кола, намаляванае лямпай на столi. Я быў нiбыта ў здранцвеннi. I потым, раптам, як быццам прачнуўся, светлае кола знiкла, i я адчуў, як на мяне навальваецца страшэнны цяжар. Не, гэта была не думка пра смерць i не страх: гэтаму не было назвы. У мяне раптам запякло ў скiвiцах, чэрап пачаў расколвацца.
Але я схамянуўся i зiрнуў на двух сваiх прыяцеляў.
